У Беларусі перастала існаваць кожная пятая турыстычная кампанія 



За 2020 год у Беларусі перастала існаваць кожная пятая турыстычная кампанія. Гэта адбылося на фоне пандэміі COVID-19 і глабальнага лакдаўну — кажа кіраўніца Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксана Бічун у інтэрв’ю smartpress.by.

Па яе словах, турфірмы спадзяваліся, што ў Беларусі прымуць меры падтрымкі кшталту тых, якія выкарыстоўваліся ў іншых краінах. Але турфірмы не атрымалі ні субсідый, ні льготнага крэдытавання, ні падатковых вакацый.

Частка кліентаў пагадзілася перанесці выкупленыя ў мінулым годзе туры на 2021-ы. Аднак сёлетні год таксама выглядае не вельмі перспектыўным. Многія турфірмы кампенсавалі ад 60% да 80% абавязацельстваў, узяўшы грошы з абароту.  Але ёсць яшчэ запазычанасці па падатках, заробках, камунальных ды іншых паслугах. У галіне назіраюцца масавыя звальненні работнікаў.

„Нам спатрэбіцца гадоў пяць-сем для таго, каб аднавіцца і выйсці на аб’ёмы 2019 года”, — канстатавала спецыяліст.

 Беларускае Радыё Рацыя

Фота: smartpress.by