Агляд прэсы: чаканні ў палітычнай аблозе



 Беларускія планы Расеі. Чацвёрты лішні. У чым сэнс імпічменту? Вакцынацыя ад «мёртвых душ». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне Atlantic Council задаецца пытаннем у артыкуле пад назвай: «Ці рыхтуецца Расея замяніць беларускага дыктатара Лукашэнку?».

Аўтар матэрыялу Уладзіслаў Давідзон адзначае, што парламенцкія выбары ў Беларусі наўрад ці будуць прызначаныя ў бліжэйшы час ці, нават у наступным годзе. Працяг дэмакратычнага паўстання ў Беларусі паставіў Маскву ў цяжкае становішча, аднак яна працягвае падтрыміваць глыбока непапулярнага Лукашэнку, і такім чынам утрымліваць сваё геапалітычнае панаванне над краінай.

Амерыканскае выданне падкрэслівае, што кантроль за асноўнымі СМІ будзе мець вырашальнае значэнне для таго, як пройдуць непазбежныя парламенцкія выбары. Любым падкантрольным Крамлю беларускім апазіцыйным партыям абавязкова давядзецца змагацца з існуючай у краіне палітычнай апазіцыяй, большая частка якой у цяперашні час знаходзіцца ў прымусовым выгнанні за мяжой Беларусі.

«Сапраўднай беларускай апазіцыі таксама не хапае глыбокай кішэні і тэхнічнай экспертызы сваіх расейскіх канкурэнтаў, якія могуць разлічваць на практычна бязмежныя рэсурсы і шматгадовы вопыт стварэння падобных палітычных праектаў як у самой Расеі, так і ва ўсім постсавецкім свеце», – падводзіць рысу Atlantic Council .

Турэцкая газета Habertürk каментую нядаўнюю сустрэчу лідараў Расеі, Азербайджана і Арменіі ў матэрыяле пад назвай «Ці патрэбна Расеі Турцыя на Каўказе?». Аўтар матэрыялу Чэцінер Чэцін заўважае, што ў перамовы па Карабаху да гэтага часу не ўцягнутая Турцыя. І, нягледзячы на дамоўленасці Пуціна і Эрдагана па сумесным аднаўленні рэгіёну, рашэнні прымае Расея.

«Расеі трэба, каб Турцыя на Каўказе заставалася ў пасіўным становішчы на абмежаванай прасторы, не заходзіла глыбей у рэгіён, у тым ліку за кошт спынення яе наземнай сувязі з Нахічэванью, памежным горадам тэрыторыі аднайменнай аўтаномнай рэспублікі, Турцыі і Ірана», – робіць выснову турэцкі аглядальнік.

Літаральна за некалькі дзён да інаўгурацыі Джо Байдэна дэмакраты маюць намер пачаць працэдуру імпічменту ў дачыненні да яго папярэдніка Дональда Трампа. У якасці падставы названа «падбухторванне да паўстання» Трампа напярэдадні штурму Капітолія.

Як адзначае чэшская газета Hospodářské noviny, у Варшаве і Будапешце пільна сочаць за развіццём падзей вакол Трампа:

«У Еўропе пытанне верхавенства права пакуль застаецца актуальным з-за сітуацыі ў Венгрыі і Польшчы. Цяпер жа фокус увагі перамясціўся на ЗША, дзе разглядаецца пытанне крымінальнага пераследу ў бок прэзідэнта і яго саюзнікаў. Пры ўсіх адрозненнях паміж прынятымі ў краінах прававымі сістэмамі, для саюзнікаў Трампа ў Будапешце ці Варшаве ўсё гэта ўяўляе немалую цікавасць з пункту гледжання іх уласнай будучыні. На кану стаіць пытанне аб тым, ці стане прынцып верхавенства права адказам для тых, хто гадамі займаўся размываннем гэтага прынцыпу. І калі так, то якім менавіта чынам», – фармулюе рытарычнае пытанне чэшская газета.

Пакуль у большасці еўрапейскіх дзяржаў пачынаецца масавая вакцынацыя ад каронавірусу, Украіна толькі чакае на пастаўкі вакцыны і ўжо мусіць адказваць за наступствы скандалу з кантрабандай вакцын. Украінскае выданне  Апостраф паспрабавала разабрацца, наколькі сур’ёзная пагроза таго, што ва Украіне з’явіцца чорны рынак падробленых прэпаратаў ад СOVID-19.

«Насамрэч з’яўленне «чорнага» рынку вакцын ад каронавірусу было  прадказальным. Ці здолее Украіна абараніцца ад гэтай хвалі? Зыходзячы з папярэдняга вопыту – не. Таму ўсім жадаючым набыць вакцыну трэба будзе праяўляць асаблівую пільнасць»,  – папярэджвае ўкраінскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка