Алег Трусаў: Помнік Ларысе Геніюш з’явіўся толькі дзякуючы Філарэту



Мітрапаліт Беларускай Праваслаўнай Царквы на спакоі Філарэт, быў высокаінтэлігентным чалавекам, згадвае яго з нагоды смерці Алег Трусаў, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання.

Менавіта падчас ягонага кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквой з’яўляюцца першыя нацыянальна свядомыя святары, якія ішлі ў нагу з часам і сваімі вернікамі, пачалі аднаўляцца храмы. Згадвае Алег Трусаў:

– Помнік Ларысе Геніюш толькі дзякуючы Філарэту паставілі на двары зэльвенскай царквы. Ён стаіць і па сённяшні дзень. Ён ведаў праваслаўную верніцу Ларысу Антонаўну і ён дамовіўся з уладамі, што яны не будуць ламаць яе помнік.

Мітрапаліт Філарэт усёй душой падтрымаў у Вярхоўным Савеце БССР беларускую нацыянальную сімволіку, як дзяржаўную, калі ішлі на гэты конт дыскусіі. Камуністычная большасць хацела на тарчы вершніка ня крыж, а пяціканцовую зорку. Узгадвае тагачасны дэпутат Алег Трусаў, які выступаў у дыскусіі, якая праходзіла на паседжанні беларускага парламенту:

– Крыжа баіцца толькі д’ябал. А ён сядзіць побач: “Ваісціну глаголіш!” І ўсе прагаласавалі за Крыж Еўфрасінні Полацкай. Бел-чырвона-белую паласу ў Праваслаўнай царкве носяць усе патрыярхі. Канешне, Філарэт падтрымае сваю сімволіку царкоўную. Вось паглядзіце, усе мітрапаліты і Кірыл  ходзяць з бел-чырвона-белымі стужкамі.

Беларускае грамадства мусіць аддаць пашану гэтаму чалавеку, усталяваўшы ганаровую памятную шыльду, альбо бюст у адной з цэркваў Беларусі, – мяркуе Алег Трусаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wikimedia.org