Агляд прэсы: новыя выклікі для старых метадаў



Цеплыня дыктатара. Шчаслівыя суседзі. Хакей у ваганнях. Новая пандэмія? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Міжнародная газета Financial Times падзялілася аналітычным матэрыялам пад назвай «Энергетычныя здзелкі паказваюць на размарожванне беларуска-расейскіх адносін». У матэрыяле  прыводзіцца адказ Лукашэнкі на пытанне, ці былі ён і прэзідэнт Расеі Пуцін адной палітычнай камандай. Лукашэнка  адказаў адназначна: «Яны нас шчыльна ўпіхнулі ў адну каманду на ўсё астатняе жыццё».

Financial Times цытуе кансультанта па палітычных рызыках Крыса Тука: «Пратэсты ў Беларусі страцілі пару, а гэта яшчэ адна прычына, па якой Маскве не трэба гуляць з Лукашэнкам у «жорсткі бой», каб паказаць сваё незадавальненне тым, як ён абыходзіцца з сітуацыяй. Лукашэнка і надалей спадзяецца застацца пасярэднікам пры перадачы нафтапрадукаў з Расеі ў Еўропу».

Літва адзначае 30-ю гадавіну Студзеньскіх падзей, калі паміж прыхільнікамі незалежнасці Літвы, якая выйшла са складу СССР, і ўзброенымі сіламі СССР адбыліся сутыкненні з 11 па 13 студзеня 1991.  Пад коламі танкаў і ад стрэлаў тады загінула 14 чалавек, больш за тысячу былі параненыя.

Літоўскае выданне 15min канстатуе, што хапае аднаго толькі погляду на становішча справаў у іншых былых рэспубліках Савецкага Саюзу, каб зразумець, што народны супраціў тых дзён акупіўся напоўніцу і прынёс свой плён: «Суседнія краіны пайшлі іншым шляхам – і вырашылі ператрываць боль ад гнілога зуба ў надзеі, што ўсё як-небудзь наладзіцца. Аднак зуб гэты атруціў увесь арганізм. Украіна з часоў Памаранчавай рэвалюцыі спрабуе выправіць свае памылкі, хоць боль па-ранейшаму вельмі вялікі. Грамадзяне Беларусі толькі зараз пачалі пазбаўляцца ад назапашанага гною. Усё гэта даецца ім вельмі нялёгка, але хочацца спадзявацца, што яны не апусцяць рукі. Гной імперыялістычнай спадчыны яшчэ доўга будзе атручваць і саму Расею: праз 30 гадоў пасля распаду СССР Расея зноў ператварылася ў напаўдыктатуру».

Уся Еўропа крытыкуе прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэля, якога сфатаграфавалі ў момант абдымкаў з Лукашэнкам. Віцэ-прэзідэнт Федэрацыі фін Калерва Кумала лічыць, што пара прыняць рашэнне аб пераносе ЧС па хакеі з Беларусі, якая парушае правы чалавека, у іншую краіну. На гэтым і сканцэнтравала ўвагу фінскае выданне Yle, якому Кумала даў інтэрв`ю: «Падобна, усё ідзе да таго, пра што я кажу ўжо даўно. Мы, напэўна, пачнем разглядаць іншыя варыянты, але мы яшчэ не так далёка прасунуліся. Нам трэба яшчэ крыху часу, каб разгледзець іншыя варыянты. Мабыць, прасцей за ўсё , правесці Чэмпіянат, да прыкладу, у Латвіі”.

Брытанскае BBC папярэджвае аб з`яўленні  яшчэ аднаго вірусу, які ўжо турбуе Азію. Узровень смяротнасці ад віруса Ніпах дасягае 75 працэнтаў, і вакцыны ад яго не існуе. Пакуль сусветнае супольнасць засяродзілася на барацьбе з COVID-19, навукоўцы прыкладваюць масу намаганняў для таго, каб гэты небяспечны патаген не стаў прычынай наступнай пандэміі. Успышку захворванняў выклікалі разбурэнні акурат гнёздаў кажаноў, якія з’яўляюцца натуральнымі носьбітамі вірусу.

Аднак ВВС заклікае не знішчаць кажаноў па ўсім свеце з наступнай матывацыяй: «Кажаны адыгрываюць неверагодна важную экалагічную ролю. Яны апыляюць больш за 500 відаў раслін. Кажаны таксама дапамагаюць кантраляваць папуляцыі казурак і такім чынам адыгрываюць вельмі важную ролю ў стрымліванні распаўсюджвання некаторых захворванняў, такіх як, да прыкладу, малярыя, паколькі кажаны ядуць камароў».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка