Юлія Сліўко: Пераехала ў Польшчу, бо баялася пераследу
Гарадзенка Юлія Сліўко, што кіравала страйкамам „Гроднапрамбуд” падчас жнівеньскіх падзей, была вымушаная з’ехаць у Польшчу. Туды яна прыехала разам з сынам.
– З’ехала ў Польшчу. Працяглы час была на рэабілітацыі ў санаторыі ад Беларускага дома. Пасля гэтага я паступіла па праграме Каліноўскага на факультэт псіхалогіі. Цяпер я ў Варшаве навучаюся па гэтай праграме, дзіця ў школу адпраўляю. Неяк спрабуем наладзіць жыццё тут.
Па словах Юліі Сліўко, яна вельмі ўдзячная за дапамогу валанцёрам:
– Дзякую ўсім валанцёрам, якія дапамагалі, таму што тут дапамога арганізаваная настолькі, што проста душа радуецца за тое, што нашы беларусы, якія даўно з’ехалі ў іншую краіну, не кідаюць тых, хто прыехаў. Яны ўсяляк дапамагаюць – уладкавацца, шукаць кватэру. Калі камусьці патрэбныя грошы, яны спрабуюць дапамагчы, калі могуць. Камусьці дапамагаюць з прадуктамі, камусьці – з адзеннем.
Юлія Сліўко ўпэўнена, што яна вернецца ў Беларусь, але гэта адбудзецца ўжо ў новай Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча