Пра перастрахоўшчыкаў
Традыцыі калядавання ў Беларусі налічваецца ўжо не адно стагоддзе. У залежнасці ад рэгіёну было прынята на Каляды вадзіць жорава, казу ці кабылу. Аднак у гэты дзень беларусы верылі, што калядоўшчыкі нясуць радасць і добрую вестку ад Бога. У любым разе не пусціць ці пакрыўдзіць калядоўшчыкаў у беларусаў лічылася вялікай ганьбай. Такім людзям маглі сказаць: “Не далі скарамінкі, няхай падохнуць вашы свінкі”. І гэта яшчэ вельмі мяккае пажаданне.
У Гомелі мясцовая краязнаўчая арганізацыя “Талака” вось ужо больш за 20 год шчадруе на Цэнтральным рынку. І ўсе гэтыя гады аніякіх праблем не ўзнікала. І толькі ў гэтым годзе адміністрацыя рынка чамусьці вырашыла не пусціць калядоўшчыкаў у адзін з сектараў рынка. Некалькі разоў калядоўшчыкі спрабавалі патрапіць у крыты рынак, дзе гандлююць харчовымі таварамі. І ўсе гэтыя разы ахова не давала прайсці. Маўляў, не ўзгоднена. А ўвогуле дзіўна, якую такую ўзгодненасць мусяць мець калядоўшчыкі? І калі так далей пойдзе, то ад тых, хто шчадруе па кватэрах і хатах таксама будуць патрабаваць узгаднення? Кшталту: прашу дазволіць правядзення калядавання, у падзеі будуць удзельнічаць каза, мядзведзь і павадыр. У любым разе, вестку ад Бога, якую нясуць калядоўшчыкі, адміністрацыя гомельскага рынку сёлета не атрымала. Можа, на яе таксама трэба ўзгодненасць?