Алег Алкаеў: “я ўскосны саўдзельнік”
У красавіку 2012 года падчас здымак а фільма “Убыл по приговору” мы паехалі ў Берлін да Алега Алкаева – былога начальніка СІЗА № 1 Менска, аўтара кнігі “Расстрэльная каманда”.
Алег Алкаеў распавёў тады і пра зніклых палітыкаў – апанентаў дзеючай ўлады і пра па-за судовыя смяротныя пакаранні:
“… я ўскосны саўдзельнік. Са зброі, прынятай у мяне, забіты людзі. Так. Вінаваты, даў, не падумаўшы, зброю, а з яе людзей забілі. Ёсць мая віна – кропку адліку можна такую паставіць. У чым была неабходнасць выкарыстоўваць менавіта гэты пісталет для пазасудовай кары? Мне гэтае пытанне задавалі… І не аднойчы… Задавалі, у тым ліку і сваякі зніклых. Згодны, што, каб забіць чалавека, не патрэбны спецыяльны пісталет, – можна і палкай, і нажом, і чым заўгодна – і рукамі, і вядро вады нават у рот можна заліць. Тут пісталет набывае, хутчэй за ўсё, рытуальнае значэнне. Менавіта рытуальнае. Патрэбна пампезнасць ва ўсім: чалавека не проста забіваюць, а караюць. Зброя як маральнае апраўданне для выканаўцы. Усё ж такі чарвяк сумнення тачыў. Яны разумелі, што гэта незаконна. Не думаю, што яны зусім адмарожаныя людзі. Таму – маё такое тлумачэнне. Не таму, што ён ціха страляе. Такой зброі – 133 дастаткова. Ды і ў тых умовах, калі ўсё гэта здзяйснялася, пра шум асабліва не турбаваліся. Таму маё такое тлумачэнне – чаму менавіта гэты пісталет. Мне гэтае пытанне не тое што задавалі, яно ўвесь час гучала як папрок мне: быццам бы Алкаеў з пісталетам “нафантазіраваў”. А менавіта выдача гэтай зброі дазволіла мне зрабіць высновы пра існаванне сакрэтнай групы, якая для нейкай мэты яго выкарыстоўвала. А потым супаставіўшы даты, асобы ды іншыя абставіны, я прыйшоў да высновы, што пісталет быў скарыстаны ў мэтах забойства нашых апазіцыйных палітыкаў. Я ў кнізе пра гэта пісаў. Цяпер гэтая версія ў мяне больш глыбока распрацавана. Калі б сёння мне нехта даў суткі, усё было б цалкам раскрыта. Чыста на тэхнічнае афармленне запрасіў бы аднаго, дргугога, і працэс бы пайшоў. І праз суткі можна было б прад’яўляць абвінавачанне ўсёй групе выканаўцаў, а заадно і тым, хто ўкрываў. Сёння я гатовы гэта зрабіць. Але не гатова кіраўніцтва нашай дзяржавы.
Калі пытанне стаіць пра крымінальнае мінулае нашай улады, то крымінальней за гэта нічога няма. У іншых выпадках – рэзкае затрыманне, асуджэнне, але як бы там ні было, яны прайшлі праз суд. Заўсёды ў прэзідэнта, у пракурора ёсць тлумачэнне – суд судзіў, разбірайцеся з суддзёй. А пазасудовыя расправы цяжкім “цяжарам” ляжаць на ўладзе. Гэта іх адзіная слабая кропка. Каб мэтанакіравана па ёй працаваць вялікай колькасці людзей, прынамсі, пытанні задаваць, пачынаючы з участковага, дзе тэрытарыяльна знік Захаранка, напрыклад. А ён спытае ў свайго начальніка: “Знік? Знік, а давайце будзем шукаць”. Недзе справа ляжыць, мы гэта разумеем. А якія па ёй дзеянні праводзяцца? Гэта пытанне і журналісцкае, і праваабарончае. Калі ў адну кропку біць, абавязкова будзе вынік. Яны занепакояцца капітальна. Што такое следства? Яно з крупінак складаецца. Недзе адно ўбачыў, дзесьці другое пачуў. Я чую і бачу, знаходзячыся за тысячу кіламетраў ад Беларусі. Хаця тыя, хто знаходзяцца там побач, – нічога не бачаць і не ведаюць. А ў гэтую 139 справу ўключана вельмі шмат народу. Не трэба даваць саломінку, за якую яны пасля зачэпяцца, што “не ведалі”. Яны цудоўна ведаюць, Хто забіў Захаранку: калі, дзе і за што. Увесь парадокс гэтай сітуацыі: калі чалавек становіцца на “сцяжыну вайны”, у яго больш шансаў не пазбавіцца жыцця. А гэта адзінае, чым можна ўздзейнічаць на ўладу. Цяпер шмат асуджаюць катаванні, але ў выніку гэта заўсёды замкнецца на якім-небудзь прапаршчыку. Я шмат гаварыў пра гэта ў гэтым пакоі… Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны саюзнікі “перакапалі” ўсе архівы і не знайшлі ніводнага подпісу Гітлера, каб ён сваёй рукой падпісаў знішчэнне габрэяў. Не знайшлі. Альбо не было, альбо знішчылі персанальна. Габрэі малайцы, бо яны ўзнялі гэтае пытане. Іншыя так – забілі і забілі, а яны дакапаюцца, хто забіў менавіта за тое, што яны габрэі. Подпісу Гітлера не было, але сістэма, ім створаная, працавала, дзе кожны мог “фантазіраваць” у сілу сваёй выхаванасці, неразумнасці і прагі крыві. Мы таксама не знойдзем подпісу, але створана сістэма, якая дазваляе. Патлумачыць словы: “Я не хачу, каб гэтыя людзі стваралі мне праблему”, – кожны можа па-свойму. Іх зразумелі так, як зразумелі, – іх “прыбралі”. Іх не судзілі, не шукалі за імі злачынстваў ці хаця б парушэння жыццёва-побытавай маралі”.