Мінсувязі Беларусі абяцае канкурэнтную 5G сувязь праз 5 гадоў



Мінсувязі Беларусі лічыць магчымым праз 5 гадоў запусціць у маштабах усёй краіны сетку 5G на канкурэнтнай аснове (пад 4G у Беларусі быў створаны асобны аператар).

Пра гэта сёння заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

«У Беларусі склаліся ўнікальныя ўмовы для ўкаранення 5G, і нават тыя, хто пачаў займацца гэтай тэмай раней, маштабаваць на ўсю краіну гэтую тэхналогію пакуль не могуць. Нашы ўмовы гэта дазваляюць. Адзін з варыянтаў-на працягу пяці гадоў пакрыццё ўсёй краіны. Такія планы ёсць, і мы будзем над гэтым працаваць», — цытуе міністра АФН.

Міністр гаварыў пра 5G на прэзентацыі тэхналогіі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Прэзентацыю, як і тэставыя зоны пакрыцця рыхтаваў Белтэлекам. Адна зона працавала ў офісным будынку «Вялікага камяня», другая была разгорнутая ў Капыльскім раёне, натуральна на абсталяванні Huawei.

«Унікальнасць гэтага пілотнага праекта ў комплекснасці рашэння. Тэставая зона на тэрыторыі “Вялікага камяня” дэманструе магчымасці тэхналогіі 5G у гарадскім асяроддзі, прамысловай забудове, а фрагмент у Капыльскім раёне — у сельскай мясцовасці», — сказаў гендырэктар Белтэлекама Юрый Петручэня.

«Мы плануем пакрыццё ўсёй краіны, каб гэтыя паслугі атрымалі ўсе нашы жыхары», — падкрэсліў ён.

Але, як аказалася, усе гэтыя старанні – арганізацыя, мантаж, налада, пошук абсталявання і іншае, — апынуліся марнымі. Белтэлекам не атрымае 5G эксклюзіў.

«…ўкараненне тэхналогіі абыдзецца ў немалую суму, таму могуць удзельнічаць і інвестары. Гэта сотні мільёнаў. Вы выдатна разумееце, што з бюджэту такія грошы вылучыць камусьці — нават паважанаму “Белтэлекаму” — напэўна, неэфектыўна і няправільна, канкурэнцыя павінна быць. У нас дастаткова моцныя аператары сувязі, і ў гэтых сіл ёсць фінансавыя магчымасці, якія дазволяць, я спадзяюся, рэалізаваць праект. Мы адкрытыя — вы бачыце ўдзел Huawei, хай прыходзяць і іншыя», — заявіў Шульган.

Так звычайна бывае ў Беларусі, калі Шульгана і Петручэню на займаныя пасады сваталі розныя вежы ў атачэнні Лукашэнкі. Але, у рэальнасці, гэтыя заявы даверу не вартыя.

Па-першае, забяспечыць беларусаў сувяззю стандарта 5G абяцалася ў перадвыбарчай праграме Лукашэнкі 2015 года. Відавочна, гэтага абяцання ён не выканаў.

Па-другое, нам неаднаразова абяцалі «запусціць у маштабах усёй краіны» сетку 4G. Пад яе нават быў створаны нацыянальны аператар — кампанія beCloud. Цяпер 4G «у маштабах усёй краіны» выглядае вось так (мапа з афіцыйнага сайту beCloud):