Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі
Вядомая беларуская спявачка, бард, збіральніца народных песень Таццяна Грыневіч з-за каронавіруса даўно не вандруе па Беларусі, не радуе беларусаў сваімі музычнымі творамі. Дзе цяпер спадарыня Таццяна і чым яна займаецца?
Вось такія пытанні наш карэспандэнт задаў спявачцы. І яна з прыемнасцю на іх адказала:
– Я знаходжуся ў Стамбуле ўжо чацвёрты месяц. Напачатку я тут праводзіла шмат творчых акцыяў разам з сябрамі ў падтрымку пратэстаў Беларусі, а пасля, як у Турцыі ўвялі каменданцкую гадзіну і збірацца людзям забаранілі, я пачала рыхтаваць відэаролікі для Ютуба з каляднымі песнямі, спрабую пісаць і запісваць свае ўласныя песні на словы Сержука Сокалава-Воюша, натрапіла на цікавы тэкст Сяргея Суконнава на песню Лары Фабіян „Je t’aime”, таксама і яе заспявала.
Сёння я працую над ролікам, прысвечаным музею Міцкевіча ў Стамбуле, бо хочацца паказаць сябрам гэтае знакавае месца, дзе завершыўся шлях вялікага паэта. Таксама рыхтую сваю новую песню на словы паэта Міхася Скоблы „Маўчанне”. Усё гэта вы зможаце знайсці на Ютуб-канале Мatafan Records. У планах працягваць такую ж творчую, музычную працу і надалей. Хацелася б паказаць сябрам вёску Паланэзкёй у Стамбуле, якую набыў у 1841 годзе Адам Чартарыйскі для беларускіх і польскіх паўстанцаў. Таксама ёсць яшчэ многа беларускіх песень, якія хацелася, каб загучалі. І яшчэ было б добра прадставіць некалькі турэцкіх песень.
Вандруючы па касцёлах Стамбула я пазнаёмілася з арганістам і ў нас разам атрымалася крыху памузіцыраваць, дамовіліся, калі будзе больш спрыяльны для канцэртаў час, падрыхтаваць праграму і паездзіць па касцёлах з выступамі (у Турцыі ёсць 26 арганаў і ўсяго два арганісты), таму планы, можна сказаць, вялікія.
Але вельмі сумую па Радзіме. Хацелася б зноўку вандраваць, як Язэп Драздовіч, па ўсёй краіне з выступамі, як гэта было два гады таму, і спадзяюся так яно і будзе ў вольнай і незалежнай нашай Беларусі.
Для нашых чытачоў няхай прагучаць некалькі новых песень у выкананні Таццяны Грыневіч:
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя