У консульстве Літвы ў Гародні – ,,Метафары літоўскага мастацтва”
У гонар святкавання 30-годдзя аднаўлення Незалежнасці Літвы, Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі зрабіла закрытую прэзентацыю ўнікальнай калекцыі твораў выяўленчага мастацтва з фонду Саюза мастакоў Літвы.
Аўтары карцінаў – вядомыя мастакі, узнагароджаныя прэміямі, ацэненыя часам і экспертамі прафесійнага мастацтва. На выставе прадстаўлены 34 графічныя і жывапісныя работы 25 мастакоў перыяду другой паловы XX стагоддзя. Гэтая калекцыя з’яўляецца важнай часткай культурнай спадчыны Літвы.
Пра выставу распавядае Генеральны консул Літоўскай рэспублікі ў Гародні Йоланта Тубайтэ:
– Гэтая выстава зробленая ў гонар святкавання 30-годдзя аднаўлення Незалежнасці Літвы. Мы гэты юбілей адзначалі ў мінулым годзе, а як вы ведаеце, учора мы адзначалі Дзень абаронцаў Свабоды. Таксама ў нас юбілей – 30 гадоў як мы вольныя, жывём у дэмакратыі. І вельмі хачу падзякаваць тых беларусаў, якія 30 гадоў таму разам з намі адстаялі нашу свабоду, нашу незалежнасць!
На думку куратата выставы з беларускага боку Ірыны Варкулевіч, працы, прадстаўленыя на выставе, паказваюць найлепшае ў мастацтве Літвы ХХ стагоддзя:
– Тут вельмі добра прасочваецца ўвесь савецкі перыяд, гэта менавіта савецкі перыяд Літвы да Незалежнасці. Мы можам убачыць, што якія б абставіны не былі, літоўскія мастакі засталіся па-першае, літоўскімі мастакамі, але ў той жа час – на найвышэйшым сусветным роўні.
З-за пандэміі каронавіруса доступ у памяшканне консульства, дзе дэманструецца выстава, забаронены. Аднак працы літоўскіх мастакоў можна ўбачыць на сайце літоўскага консульства, а таксама адмыслова зробленым віртуальным туры па гэтай выставе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча