Суд адправіў справу Мікалая Казлова на дапрацоўку
Суд адправіў справу Мікалая Казлова на дапрацоўку. СК вінаваціць яго ў адмаўленні ад падпіскі аб неразгалошванні.
Працэс быў прызначаны на 15 студзеня ў судзе Партызанскага раёна, але ён так і не пачаўся. Матэрыялы справы адпраўленыя на дапрацоўку.
Пратакол на Мікалая Казлова склаў участковы Партызанскага РУУС пасля таго, як старшыня АГП трэці раз запар адмовіўся даваць падпіску аб невыдаванні падчас допыту ў Следчым камітэце.
Упершыню ў «справе Каардынацыйнай рады» старшыня АГП Мікалай Казлоў хадзіў у СК яшчэ ў канцы 2020 года. Тады ж ён упершыню адмовіўся даваць паказанні і падпісваць дакумент аб невыдаванні.
Казлова запрашалі на допыт у СК яшчэ некалькі разоў з тым жа вынікам. 12 студзеня стала вядома, што адмова даваць падпіску стала прычынай складання пратаколу. Што будзе далей з пратаколам Мікалая Казлова, пакуль невядома. Партызанскі РУУС мае некалькі тыдняў, каб выправіць усе памылкі.
Сам Казлоў па-ранейшаму адмаўляецца даваць падпіску аб невыдаванні матэрыялаў «справы Каардынацыйнай рады». Даваць паказанні ў ёй ён таксама не хоча.
svaboda.org