Затрыманы Зміцер Дашкевіч
Каля ўрочышча Курапаты 15 студзеня затрыманы грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч.
Як паведаміла БелаПАН яго жонка Наста Дашкевіч, каля 17 гадзін ёй патэлефанавалі і паведамілі, што Дашкевіча і яшчэ аднаго чалавека, які стаяў з ім у бестэрміновым пратэсце супраць працы размешчанага побач рэстарана „Поедем поедим”, пасадзілі ў машыну і павезлі.
„Магчыма, іх забралі за сцяг, які яны трымалі. Казалі, што міліцыя ехала міма, убачылі, спыніліся, пачалі некуды тэлефанаваць. Потым з’ехалі, вярнуліся і забралі. Пакуль не ведаю падрабязнасцяў”, — сказала яна.
Рэстаран „Поедем поедим” размешчаны побач з урочышчам Курапаты — месцам масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пратэсты супраць працы рэстарана доўжацца з 31 мая 2018 года.
Фота: facebook.com