Amnesty International патрабуе расследаваць факты з абнародаванага ByPOL аўдыязапісу



Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International патрабуе правесці расследаванне па фактах з абнародаванага ініцыятывай ByPOL аўдыязапісу, на якім чалавек з голасам, падобным на голас намесніка кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова, гаворыць аб жорсткіх метадах барацьбы з пратэстоўцамі.

„З шэрагу інкрымінаваных уцечак, якія паказваюць, што ўлады Беларусі прынялі рашэнне задушыць мірны пратэст з дапамогай наўмысных парушэнняў правоў чалавека, гэты запіс — калі ён сапраўдны — з’яўляецца самым жахлівым, — прыводзіць сайт арганізацыі словы намесніка дырэктара па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніса Крывашэева. — Усё, што на ім гаворыцца, павінна быць неадкладна, бесстаронна і эфектыўна расследаванае. Калі высокапастаўлены міліцыянер загадвае сваім падначаленым страляць гумовымі кулямі па геніталіях, у жываты і ў галаву, калі ён прапаноўвае стварыць лагеры для інтэрнаваных для найбольш актыўных пратэстоўцаў, маючы на ўвазе, што іх смерць проста пазбавіць краіну ад нікому не патрэбных людзей, то згодна з міжнародным правам ён аддае загад учыняць злачынствы”.

„Голас на запісе таксама адсылаецца да прамых указанняў „кіраўніка дзяржавы”. Узнікае пытанне, як у такім выпадку могуць быць эфектыўна расследаваныя ў Беларусі факты, якія ўтрымліваюцца на гэтым запісе. Аднак дзяржава ў любым выпадку нясе адказнасць за расследаванне парушэнняў права ў галіне правоў чалавека і павінна распачаць у дачыненні да парушальнікаў судовы пераслед у рамках справядлівага судовага разбору. Мы меншага не патрабуем”, — дадаў Крывашэеў.

Ініцыятыва ByPOL, якая аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, 15 студзеня апублікавала аўдыязапіс, на якім чалавек з голасам, падобным на голас Карпянкова, які раней узначальваў ГУБАЗіК, кажа пра метады барацьбы з пратэстоўцамі ў Беларусі. Запіс зроблены ў кастрычніку 2020 года пасля таго, як на пасаду міністра ўнутраных спраў быў прызначаны Іван Кубракоў (гэта адбылося 29 кастрычніка).

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа