Царскі гнеў “тушыў” Яўхім Карскі



Беларускае жыццё ў Варшаве пачало закладвацца тады, калі ў 1893 годзе ў Варшаўскі імператарскі ўніверсітэт на працу прыехаў беларускі акадэмік і філолаг Яўхім Карскі (1861-1931).

Спачатку ён працаваў прафесарам, затым экстраардынарным прафесарам на кафедры рускай і стараславянскай моў і гісторыі рускай літаратуры. Пасля прафесар выкладаў там славянскую палеаграфію, рускую дыялекталогію і граматыку царкоўнаславянскай мовы. У варшаўскі перыяд сваёй педагагічнай дзейнасці, карыстаючыся ўсеагульнай павагай Яўхім Карскі два разы выбіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта — у 1905 і 1908 гадах. Адначасова з педагагічнай дзейнасцю наш вучоны праяўляў вялікую цікавасць да беларускага жыцця ў Варшаве, спрыяў гэтаму, як мог дапамагаў беларускім студэнтам.

У 1908 — 1913 гады там было арганізавана і праведзена шмат беларускіх вечарынак. У іх прымалі ўдзел і сам Карскі, яго жонка і дзеці. Здарыўся аднойчы нават такі выпадак. Неяк у Варшаву прыехаў з трупай Ігнат Буйніцкі. А напярэдадні беларуская моладзь надрукавала і расклеіла па горадзе афішу на беларускай мове. Гэта выклікала гнеў царскай паліцыі, бо дазвалялася друкаваць улёткі толькі на рускай мове і на польскай. Гэты выпадак ледзь не сарваў правядзення мерапрыемства. Але дзякуючы Яўхіму Карскаму, усё наладзілася і супакоілася. Тады ў справе гэтых афішаў былі замешаны Аркадзь Салаўевіч і Гальяш Леўчык (Ляўковіч). Менавіта беларускі паэт, мастак, калекцыянер Гальяш Леўчык быў у той час адным з арганізатараў розных беларускіх спраў у Варшаве. Там упершыню ён і пазнаёміўся з Яўхімам Карскім і знаёміў з ім потым іншых беларусаў Польшчы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя