На нядзельных акцыях пратэсту затрыманыя не менш за 17 чалавек



Не менш як 17 чалавек затрыманыя на нядзельных акцыях пратэсту, сведчаць дадзеныя пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” і валанцёрскага тэлеграм-канала „Спісы затрыманых”.

 

Як мінімум пяць чалавек дастаўленыя ў міліцыю ў Гародні. Сярод іх генеральны дырэктар польска-беларускага прадпрыемства „Квінфуд” Валерый Загорскі, які надзеў маску з гербам „Пагоня”.

У Менску затрыманні адбываліся каля станцыі метро „Пушкінская” у народнага мемарыяла Аляксандру Тарайкоўскаму і ў раёне вуліцы Заслаўскай. Тэлеграм-канал „Белыя халаты. News” паведамляе пра затрыманне фельчара хуткай дапамогі, чэмпіёнкі краіны па муай-тай Анастасіі Калашнікавай.

Паводле падлікаў БелаПАН, у найбольш папулярных тэлеграм-каналах размешчаныя фатаграфіі і відэазапісы з 20 акцый у сталіцы (шэсці, пікеты, вывешванне сцягоў) з агульнай колькасцю ўдзельнікаў, якія трапілі ў кадр, 336. У параўнанні з папярэдняй нядзеляй колькасць акцый практычна не змянілася, а масавасць паменшылася — па ўсёй верагоднасці, з-за моцнага марозу.

Акрамя Менска і Гародні 17 студзеня пратэставалі ў Берасці, Віцебску, Барысаве, Наваполацку, Лідзе, Кобрыне, Лагойску, Маладзечне, Вілейцы, Ракаве, Заслаўі. Дыяспара правяла мерапрыемствы ў Кіеве, Львове, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Берліне, Гамбургу, Варшаве, Вроцлаве.

17 студзеня стала 162-м днём пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і пераследу іншадумцаў.

belapan.by