Падатковыя льготы давядзецца скарачаць у выпадку захавання праблем у эканоміцы
Улады пойдуць на далейшае скарачэнне падатковых ільгот, калі ў краіне будуць захоўвацца сур’ёзныя эканамічныя і сацыяльныя праблемы. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы змяненні ў падатковае заканадаўства, якія набылі моц 18 студзеня.
Як паведамлялася, у 2021 годзе ўлады адмянілі і скарацілі шэраг падатковых ільгот, у выніку чаго чакаецца рост цэн на шэраг тавараў — у тым ліку на лекі і на прадукцыю дзіцячага прызначэння. Так, з новага года імпарцёры лекаў павінны выплачваць ПДК па стаўцы 10% (раней не выплачвалі). Акрамя гэтага, скарочаны пералік дзіцячых і харчовых тавараў, пастаўшчыкі якіх карысталіся льготай па выплаце ПДК.
Згодна з ацэнкай Мінфіна, падатковыя льготы ў 2020 годзе складалі каля 5,6% ВУП (прыкладна дзве траціны гэтых ільгот былі звязаныя з вызваленнем ад выплаты падатку на дададзены кошт).
„У тым выпадку, калі льготы па выплаце ПДК у будучыні будуць адмяняць, гэта можа прывесці да павышэння цэн на тавары як для юрыдычных, так і для фізічных асоб”, — выказала здагадку ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.
Пры гэтым эксперт чакае, што льготы па выплаце ПДК для імпарцёраў сацыяльна значных харчовых тавараў захаваюцца.
„Прадукты харчавання — сацыяльна значны тавар, і рост цэн на гэтую прадукцыю асабліва адчувальны для малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Таму наўрад ці падатковыя льготы ў гэтай частцы ў будучыні будуць адмененыя”, — лічыць Барнукова.
Разам з тым апошнія дзеянні Мінфіна па выключэнні шэрагу падатковых ільгот сведчаць пра сур’ёзныя праблемы ў дзяржфінансах, лічыць фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
„Калі будуць узнікаць праблемы ў сферы дзяржфінансаў, у тым ліку з рэфінансаваннем дзярждоўгу, то ў Мінфіна не застанецца іншых крокаў акрамя як скарачаць падатковыя льготы ў будучыні, што можа прывесці да памяншэння рэнтабельнасці пастаўшчыкоў прадукцыі і новых павышэнняў цэн”, — падкрэсліў Муха ў каментары БелаПАН.
Аналагічныя чаканні і ў іншых экспертаў. „Наперадзе ў Беларусі тры доўгатэрміновыя праблемы — старэнне насельніцтва, структурная слабасць эканомікі, якая не дазваляе ёй расці, а таксама даволі высокая пазыковая нагрузка. Гэтыя фактары, калі яны захаваюцца, будуць падштурхоўваць дзяржаву да скарачэння падатковых ільгот, а можа быць нават і да павышэння падаткаў”, — мяркуе Барнукова.
Фота: tut.by