Сняжана Асабіна: Гэтай краіне патрэбныя моцныя, здаровыя і маладыя людзі
Гэты тыдзень азначаецца падзеямі, калі погляд прыкаваны да ЗША і інаўгурацыі новага прэзідэнта краіны. Сёння госць Радыё Рацыя грамадзянка ЗША, разам з тым беларуска, у мінулым гарадзенка – Сняжана Асабіна. З ёю гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.
РР: Некаторыя людзі з бояззю глядзяць на грын-карту, той шанец, які прапануецца ўрадам ЗША, у тым ліку беларусам. Ці спраўджваюцца надзеі, і ў якім узросце лепей застацца і не спрабаваць выпрабоўваць лёс.
– Што дае грын-карта? Грын-карта – гэта, канешне, латарэя, і гэта шанец атрымаць від на жыхарства ў Злучаных штатах. Грын-карта праводзіцца ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Некаторыя краіны забараняюцца да ўдзелу, таму што з іх вельмі шмат удзельнікаў ці там ёсць нейкія парушэнні. Грын-карта не дае вам працу і месца жыхарства. Яна вам проста дае права працаваць, сацыяльны нумар, які ва ўсіх тут павінен быць, і права легальна знаходзіцца ў краіне і выязджаць з яе за мяжу не больш, чым на 6 месяцаў, каб пасля ўжо атрымаць грамадзянства. То бок як гэта ўсё выглядае? Вы атрымліваеце карту, пасля вы павінны прыехаць на інтэрв’ю ў пасольства. Калі ўсё добра і прайшлі інтэрв’ю, вы можаце выязджаць з краіны. Куды вы паедзеце, дзе вы будзеце пачынаць новае жыццё, залежыць ад вас. Ніхто вам не здымае кватэру і не дае адразу працу.
Праз 5 гадоў вы ўжо можаце падаваць на грамадзянства, і гэта даволі простая працэдура для тых, хто мае грын-карту.
У якім узросце лепш ехаць? Канешне, чым раней, тым лепш, у маладым узросце. Калі чалавек яшчэ поўны энергіі, у яго свежыя мазгі, і ён можа вывучыць мову. Калі ён мабільны і не цураецца цяжкай працы. Дзесьці да 45-ці год можна ехаць. Канешне, усе людзі розныя. Я ведаю людзей, якія прыехалі і за 60. Яны вывучылі мову і знайшлі тут працу і пакінулі ўсё ў Беларусі. Тут усё залежыць ад чалавека, яго энергіі, чаго ён хоча – ці ён хоча абсалютна памяняць сваё жыццё, ці ён прыехаў да дзяцей. Шматлікія прызджаюць да дзяцей па праграме, калі сем’і злучаюцца. То бок, калі ты жывеш 10 год у краіне, ты можаш запоўніць анкеты і прывезці сюды бацькоў. Але тым людзям, якія слабыя здароўем або сталага ўзросту, у якіх няма жадання вучыць мову і ў іх тут няма ні родных, ні знаёмых, я б параіла заставацца дома. Таму што медыцына тут даволі складаная, калі ты яшчэ і хварэеш, і не ведаеш мовы, ты проста выкінуты з жыцця. Гэтай краіне патрэбныя моцныя, здаровыя і маладыя людзі.
РР: Калі б мы з вамі паглядзелі на наяўнасць падушкі бяспекі для чалавека ў гэтай краіне. Напрыклад, у нас у Беларусі ёсць пэўная сума, якой дастаткова чалавеку, каб пражыць цягам месяца. Назавём гэтую суму ў стандартных 500 даляраў. Пра якую суму вядзецца размова, каб пражыць у вашым штаце? Якую падушку бяспекі трэба мець, які заробак, каб заплаціць за кватэру, каб забяспечыць сабе мінімальны камфорт для таго, каб пачуваць сябе не адкінутым на збочыну сацыяльнай лесвіцы.
– Гледзячы, колькі асобаў у сям’і, ці адзін чалавек, ці сям’я. У цэлым, для аднаго-двух – гэта сума прыкладна ад 2000 да 2500 даляраў у месяц. Гэта мінімальна, як я лічу, што павінна быць. Таму што ў сярэднім, напрыклад, у нашым штаце, каб зняць аднапакаёвую кватэру патрэбна 1100-1200 даляраў, у залежнасці ад раёна. Пасля сюды трэба дадаць выдаткі на медыцынскую страхоўку, на паліва, прадукты харчавання ды іншае. Мінімальны заробак у нашым штаце – 7 даляраў 25 цэнтаў у гадзіну. Гэта вельмі мала, і ён павінен падымацца. У некаторых штатах ён каля 15 даляраў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя