Федэрацыя прафсаюзаў ініцыюе ўвядзенне перадпенсійных кантрактаў



Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе перайсці да практыкі заключэння пяцігадовых перадпенсійных кантрактаў паміж наймальнікамі і работнікамі, паведамляе прэс-служба федэрацыі.

Прапановы прафсаюзаў разгледжаныя на дыялогавай пляцоўцы з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе прэс-служба ФПБ.

Як адзначае федэрацыя, з улікам паступовага павышэння пенсійнага ўзросту ўсё больш актуальным становіцца пытанне занятасці людзей сталага ўзросту. Для абароны інтарэсаў такіх работнікаў ФПБ прапануе ўвесці на заканадаўчым узроўні паняцце перадпенсійнага ўзросту, усталяваць яго мяжу на ўзроўні пяці гадоў да наступлення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Згодна з дзейным Працоўным кодэксам, наймальнік абавязаны працягнуць кантракт альбо заключыць новы з добрасумленным супрацоўнікам (з яго згоды), якому да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту застаецца не больш як два гады, на тэрмін не менш як да дасягнення названага ўзросту.

„З улікам развіцця лічбавай эканомікі, мадэрнізацыі вытворчасці людзям сталага ўзросту ўсё цяжэй на роўных канкураваць на рынку працы. Таму прапануецца распаўсюдзіць гэтыя гарантыі Працоўнага кодэкса на асоб, якім да наступлення пенсійнага ўзросту засталося пяць гадоў”, — цытуе прэс-служба ФПБ пазіцыю нацыянальнага прафцэнтра.

У Беларусі пытанні, якія тычацца працягу кантрактаў з грамадзянамі перадпенсійнага ўзросту, рэгулююцца прэзідэнцкім указам № 180, прынятым у 2000 годзе. Дакумент прадугледжвае, што перадпенсійны ўзрост у Беларусі складае два гады. Пры гэтым асобныя прадпрыемствы заключаюць тарыфнае (галіновае) пагадненне і ў межах калектыўнага працоўнага дагавора вызначаюць, што перадпенсійны ўзрост складае пяць гадоў.

belapan.by