У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.899 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.899 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, выпісаны з бальніц 1.571 пацыент, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 працягвае зніжацца пятыя суткі запар: 17 студзеня іх было зафіксавана 1.924, днём раней — 1.933, 15 студзеня — 1.941, 14 студзеня — 1.967, 13-га — 1.972. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 227.360, памёр 1.591 пацыент з каронавірусам. Ачуняла 210.779 чалавек.
За мінулыя суткі выканана 11.468 тэстаў на каронавірус (усяго — 4.271.382).
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі ў красавіку пачнуць выпускаць расейскую вакцыну „Спутнік V”. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч 17 студзеня ў эфіры тэлеканала СТВ паведаміў, што таксама ідуць перамовы з Кітаем аб пастаўках вакцыны супраць каронавіруса. „У першым квартале мы павінны ўжо выпусціць пад беларускім брэндам вакцыну „Спадарожнік V” сумесна з нашым расійскім партнёрам на магутнасцях беларускага фармпрадпрыемства. Гэта „Белмедпрэпараты”, — паведаміў чыноўнік.
У красавіку ў міністэрстве плануюць перайсці ад вакцынавання ўразлівых груп да прышчэпкі астатніх. „Прыкладна з красавіка, калі мы скончым вакцынаваць менавіта тыя ўразлівыя, скажам так, кантраляваныя нашы групы — гэта медработнікі, педагогі, супрацоўнікі транспарту, гандлю, і вось мы таксама, дарэчы, з вамі вядзем размову, работнікі СМІ, потым пачнем працаваць і па іншых групах”, — заявіў Піневіч.