„Справа „Белгазпрамбанка” перададзеная ў Генпракуратуру для накіравання ў суд



 Следчае ўпраўленне КДБ перадало ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд крымінальную справу топ-менеджараў ААТ „Белгазпрамбанк”.

Як паведамляе прэс-служба КДБ, абвінавачаныя і іх абаронцы азнаёміліся з матэрыяламі справы. Хадайніцтваў аб спыненні крымінальнага пераследу на прадугледжаных Крымінальным кодэксам падставах, а таксама аб правядзенні дадатковых следчых дзеянняў ніхто з абвінавачаных, за выключэннем Віктара Бабарыкі, не заявіў.

Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных пакінутая ранейшай: сем чалавек, уключаючы Бабарыку, знаходзяцца пад вартай, адзін — пад хатнім арыштам, адзначылі ў КДБ.

11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Большасць членаў праўлення „Белгазпрамбанка” былі затрыманыя. Пасля гэтага Нацыянальны банк увёў у банк на шэсць месяцаў, з 15 чэрвеня, часовую адміністрацыю і яе кіраўніком прызначыў Надзею Ермакову. Паўнамоцтвы праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам былі прыпыненыя. Ермакова ўзначальвала часовую адміністрацыю да 10 снежня, а 18 студзеня стала вядома, што савет дырэктараў „Белгазпрамбанка” прызначыў яе старшынёй праўлення.

Расійскія „Газпром” і „Газпромбанк” яшчэ да пачатку працы часовай адміністрацыі назвалі дзеянні Нацбанка па прызначэнні новых кіраўнікоў „Белгазпрамбанка” незаконнымі і з лета гэтага года адмаўляліся ад супрацоўніцтва з часовай адміністрацыяй.

Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які пакінуў банк у маі 2020 года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня быў затрыманы паводле абвінавачання ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі. Сам ён перакананы ў адваротным.

Бабарыку выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК, па фактах атрымання хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі („адмывання”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры адпаведна.

Намеснікам старшыні праўлення банка Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралёту выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК. Заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку — абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства згодна з ч. 2 арт. 431 КК (даванне хабару ў буйным памеры).

belapan.by