У Менску аштрафавалі мужчыну, які прыйшоў у краму без маскі
11 студзеня суд Фрунзенскага раёна Менска аштрафаваў пакупніка, які прыйшоў у краму без маскі. Калі ён хацеў аплаціць куплю, касір адмовілася яго абслугоўваць. Завязалася дыскусія. У выніку на пакупніка склалі два пратаколы — за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка пры выкананні.
Усё адбылося яшчэ 27 снежня 2020 года. Па словах менчука Сяргея, ён прыйшоў у краму Green у Каменнай Горцы, каб купіць арэшкі. Падышоў да касы, паклаў тавар і грошы, але касір адмовілася яго абслугоўваць: пакупнік быў без маскі.
Сяргей пачаў настойваць на тым, што крама не мае права адмовіць яму ў абслугоўванні, а можа толькі рэкамендаваць надзець маску. Мужчына перакананы, што «маскі — гэта не пра вірус, маскі — гэта пра прымус». Крама лічыць па-іншаму: выконваючы пастанову Мінгарвыканкама аб увядзенні абавязковага маскавага рэжыму, яна вырашыла не абслугоўваць наведвальнікаў без сродкаў індывідуальнай абароны.
На пакупніка, які каля 40 хвілін спрабаваў давесці сваю пазіцыю, выклікалі міліцыю, яго затрымалі. На Сяргея склалі два пратаколы — за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП) і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка пры выкананні (артыкул 23.4 КаАП).
11 студзеня суд Фрунзенскага раёна Менска прызначыў яму штраф: тры базавыя велічыні (87 рублёў) за дробнае хуліганства і пяць базавых велічыняў (145 рублёў) за непадпарадкаванне супрацоўніку пры выкананні.
Сяргей заявіў, што мае намер абскардзіць гэтае рашэнне.
Абавязковы маскавы рэжым у Менску ўведзены 12 лістапада 2020 года. Тады галоўны санітарны ўрач горада Святлана Ярмак тлумачыла, што «ўсе кіраўнікі ўсіх аб’ектаў усіх формаў уласнасці абавязаныя настойліва рэкамендаваць насельніцтву пры наведванні сваіх аб’ектаў выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны, у прыватнасці маскі». Пры гэтым удакладніла, што кіраўніцтва магазінаў можа прыняць рашэнне не абслугоўваць кліентаў без сродкаў індывідуальнай абароны.