Аляксей Навальны заклікаў прыхільнікаў выходзіць на вуліцы



Пасля арышту Аляксея Навальнага, які ўчора вярнуўся з Германіі,  яго штабы па ўсёй краіне рыхтуюць мітынгі 23 студзеня, перадае DW.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны ў панядзелак, 18 студзеня, звярнуўся да расейцаў з заклікам выходзіць на вуліцы з пратэстамі. „Чаго баіцца гэтая жаба, якая сядзіць на трубе? Чаго баяцца гэтыя бункерныя злодзеі больш за ўсё? Вы самі выдатна ведаеце. Выхаду людзей на вуліцы. Бо гэта тая рэч, той палітычны чыннік, які нельга ігнараваць. Ён самы галоўны, самы важны, гэта існасць палітыкі. Таму не бойцеся, выходзьце на вуліцы. Выходзьце не за мяне, выходзьце за сябе і за сваю будучыню”, – заявіў ён у відэазвароце з аддзела паліцыі ў Хімках, у якім праходзіла пасяджэнне суда, які прысудзіў яго да 30 дзён арышту.

Суполка і штабы Навальнага заявілі пра падрыхтоўку мітынгаў 23 студзеня. „Штабы Навальнага па ўсёй краіне неадкладна пачынаюць падрыхтоўку да вялікіх мітынгаў па ўсёй краіне 23 студзеня, не чакаючы новага суда. Аляксей Навальны мае быць неадкладна вызвалены”, – напісаў у Twitter кіраўнік сеткі рэгіянальных штабоў Навальнага Леанід Волкаў.

Фота: Reuters