Агляд прэсы: ад перамены месцаў…



Расейская гасціннасць да апанентаў. Кампраміс па колькасці баегаловак. Лукашэнка з Уганды. Каго прышчапіць першым? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Ачуняўшы пасля няўдалага атручвання, расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны ў нядзелю вярнуўся з Германіі ў Расею. У Маскве ён быў затрыманы яшчэ да праходжання пашпартнага кантролю ў аэрапорце.

Украінскі часопіс „Новое время”адзначае, што адной з першых на затрыманне Навальнага адрэагавала лідар беларускай апазіцыі і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна напісала ў Twitter, што затрыманне Навальнага – гэта «небяспечны крок да пазбаўлення расейцаў палітычнай альтэрнатывы. Беларусь бачыла наступствы такога абыходжання з палітычнымі апанентамі. Гэта не адпавядае інтарэсам расейскага народу і краіны», – цытуе Ціханоўскую ўкраінскае выданне.

Амерыканская газета The Wall Street Journal дала слова экс-дарадцу прэзідэнта ЗША па нацбяспецы Джону Болтану ў артыкуле пад назвай «Ранняе выпрабаванне для Джо Байдэна ад Масквы і Пекіну». Аўтар матэрыялу адзначае важнасць запланаванага пагаднення ЗША з Расеяй аб кантролі над узбраеннем.  Пры гэтым ён спасылаецца на наяўныя парушэнні Масквой Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці ды настойвае на неабходнасці прыцягнення Кітая да перамоваў над новым дакументам. Інакш няўдзел Кітая, невыкананне Расеяй сваіх абавязальніцтваў і краіны-ізгоі, якія займаюцца распаўсюдам зброі, усё гэта робіць ЗША адзінай краінай, якая сапраўды выконвала абмежаванні дамовы. Пры гэтым гонка ўзбраенняў паміж краінамі працгяваецца.

«Пералічаныя пытанні складаныя, але і для Байдэна гэта не першае радэа ў галіне кантролю над узбраеннямі. Што ён будзе рабіць і як ён гэта будзе рабіць – вось што вызначыць ідэалагічны накірунак яго прэзідэнцтва і адначасова ягоную кампетэнцыю»,  – лічыць калумніст The Wall Street Journal, і прыходзіць да высновы, што Трамп мог бы справіцца з такім пытаннем лепш за Байдэна.

На прэзідэнцкіх выбарах ва Угандзе перамогу атрымаў 76-гадовы Ёверы Мусевені, які знаходзіцца ва ўладзе з 1986 года. Для вылучэння сваёй кандыдатуры ён пайшоў на змены ў канстытуцыі краіны. Па афіцыйных дадзеных, па выніках галасавання Мусевені набраў амаль 60 адсоткаў галасоў. Яго супернік Бобі Вайн заяўляе, што мелі месца фальсіфікацыі. Заходнія назіральнікі на выбарах не прысутнічалі.

Брытанская газета The Guardian заўважае, што актывісты-дэмакраты ў краінах Афрыкі больш не могуць разлічваць на дапамогу з Еўропы і ЗША. Журналістка Паціенс Акуму ў сваім артыкуле на старонках выдання з крыўдай адзначае:

«У мінулым засталіся тыя часы, калі ў аналагічных сітуацыях свабодны свет быў магутным саюзнікам, аднак цяпер, мяркуючы па ўсім, у яго самога занадта шмат праблем, а таму яму не да турбатаў у чарговай краіне, якая развіваецца і дзе лідар усімі сіламі чапляецца за ўладу. Пасля перашкод з акрэдытацыяй назіральнікаў за выбарамі ва Угандзе, і ЗША, і ЕЗ палічылі за лепшае не адпраўляць сваіх назіральнікаў. Магчыма, Захад усведамляе, што сам пацярпеў фіяска ў многіх сферах, і цяпер у яго проста няма маральнага права вучыць Афрыку».

Еўрапейскія СМІ крытычна сочаць за тым, як у краінах Еўропы выкарыстоўваюць розныя падыходы да вакцынацыі. Так на старонках газеты La Libre Belgique вядомы блогер Жан-Марк Гофар выступае за тое, каб пры распрацоўцы стратэгіі вакцынацыі не выходзіла з-пад увагі менавіта ажыўленне эканомікі:

«Можа, было б больш эфектыўна ў першую чаргу прышчапіць тых, хто нясе адказнасць за іншых? Бацькоў, настаўнікаў, якія зноў змаглі б праводзіць з дзецьмі вочныя заняткі, рабочых, вытворцаў, работнікаў гандлю – і ўсіх тых, без каго немагчыма нармальнае функцыянаванне грамадства? Хоць, вядома ж, на самым першым месцы павінен стаяць медычны персанал. Тады зноў сталі б выплачвацца заробкі, а сацыяльныя выплаты можна было б скараціць! Сталыя людзі будуць рады ўбачыць сваіх родных і блізкіх, якім больш не трэба будзе баяцца таго, што яны могуць быць крыніцай заражэння», – падкрэслівае бельгійскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка