Адвакат: Ігар Лосік заяўляе, што спыняць галадоўку не мае намеру



Палітзняволены Ігар Лосік, які галадае ўжо 36 дзён, адчувае сябе слабым, але мае намер працягваць галадоўку, паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лепрэтар.

Абаронца 19 студзеня наведаў блогера ў жодзінскай турме. „Ігар адчувае сябе не вельмі добра, ён слабы. Медыкі наведваюць яго штодня, пытаюцца аб наяўнасці скаргаў, вымяраюць ціск. На працягу дня ён у яго вельмі нестабільны”, — адзначыў ён.

Паводле слоў адваката, нягледзячы на не вельмі добрае самаадчуванне, Лосік заяўляе, што спыняць галадоўку не мае намеру і „будзе галадаць далей”.

„З ім пастаянна вядзе размову псіхолаг. Я ведаю, што з ім наконт працягу галадоўкі размаўлялі аператыўныя супрацоўнікі адміністрацыі папраўчай установы, але безвынікова”, — адзначыў абаронца.

З Новага года Лосік не атрымліваў карэспандэнцыю, і толькі ў мінулую пятніцу, 15 студзеня, яму перадалі прыблізна 80 лістоў, у суботу — прыблізна 10 паштовак і напярэдадні яшчэ каля 20 лістоў, працягнуў Лепрэтар. „Гэта ўсе лісты, датаваныя канцом снежня мінулага года. Цяпер Ігар актыўна на іх адказвае”, — сказаў ён.

18 студзеня экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ў межах абмеркавання пытанняў аб сітуацыі з палітзняволенымі ў краіне расказала гісторыю Лосіка спецпрадстаўніку ЕЗ па правах чалавека Эйману Гілмару.

Гілмар пацікавіўся, як ЕЗ можа дапамагчы палітзняволеным у Беларусі. Ён паабяцаў, што будзе рабіць усё магчымае, каб як мага хутчэй дабіцца вызвалення вязняў сумлення.

Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года і прызнаны палітзняволеным. Першапачаткова ён быў абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што Лосіку выстаўленае новае абвінавачанне — на падставе арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу” выказаў меркаванне, што гэта зроблена „з мэтай пакінуць Ігара пад вартай, бо 25 снежня мінаў апошні тэрмін яго ўтрымання паводле папярэдняга абвінавачання”.

Лосік віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень абвясціла аб бестэрміновай галадоўцы яго жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што з-за націску на сям’ю вымушаная галадоўку спыніць.

25 снежня стала вядома, што Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

belapan.by