Латушка: У Беларусі плануюць стварыць “эскадрон смерці”



У войску плануецца стварыць „эскадрон смерці” на базе 120-й асобнай механізаванай брыгады. Пра гэта Павел Латушка заявіў у сваім звароце да беларускіх вайскоўцаў.

„Мы атрымалі інфармацыю, што генерал Муравейка плануе стварэнне эскадрону смерці на базе 120-й асобнай механізаванай брыгады — для фізічнага знішчэння палітычных канкурэнтаў Лукашэнкі. А ўсю 120-ю брыгаду плануюць актыўна задзейнічаць вясной у задушэнні мірных пратэстаў у Менску. Хочацца нагадаць: прымяненне Узброеных Сіл унутры краіны ва ўмовах адсутнасці афіцыйна абвешчанага вайсковага становішча — гэта ваеннае злачынства без тэрміну даўнасці”, — кажа Латушка ў сваім звароце.

Латушка заяўляе, што ўжо вядома: берасцейца Генадзя Шутава забіў афіцэр асобага атрада 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння. Тым не менш крымінальную справу пачалі на сведку трагедыі — таварыша Шутава. Латушка заклікаў вайскоўцаў дзейнічаць у адпаведнасці з законам.

Беларускае Радыё Рацыя