Зафіксаваны пік спажывання электрычнай магутнасці за апошнія 8 гадоў
Гэты паказчык у энергасістэме краіны склаў 6272 МВт, вышэйшы быў у 2013-м — тады ў студзені дасягнулі рысы ў 6310 МВт, паведамляюць энергетыкі.
Эксперты кажуць, што гэта пакуль толькі адзін самы марозны дзень гэтага года, і іспыт на зладжаную работу сістэм пры дадатковых нагрузках вытрыманы. Аднак маразы могуць здарыцца і ў лютым, і ў сакавіку, тады лічба піку ўжывання можа змяніцца, а «рэкорд» — аднавіцца.
— Пікавае ўжыванне магутнасці звязана з праходжаннем перыяду нізкіх тэмператур. Аднак не трэба блытаць пік магутнасці і пік спажывання энергіі. Калі параўноўваць з заняткамі ў спартзале, то пік магутнасці — гэта максімальная вага штангі, якую вы можаце выжаць. А максімум спажывання энергіі — тое, колькі ў суме «жалеза» вы падымеце за занятак, — правёў энергетычны лікбез Аляксандр МАЛЬКОЎ, начальнік сектара па рабоце са СМІ аб’яднання «Белэнерга». — У вялікія маразы людзі больш інтэнсіўна ўжываюць энергію, каб сагрэцца, і энергетыкам прыходзіцца напружвацца, каб прайсці гэты самы пік генерацыі (выпрацоўкі) энергіі бездакорна.
У Белэнерга запэўніваюць, што цалкам гатовыя да любых нечаканасцей падчас маразоў. Энергетыкі ўжо правялі пазачарговыя агляды абсталявання, на работу якога ўплываюць нізкія тэмпературы. Больш як 1250 аварыйна-аднаўляльных і аператыўна-выязных брыгад (каля 9000 чалавек) укамплектаваны ўсімі сродкамі абароны, матэрыяламі і інструментамі. Да работы гатовыя звыш як 3280 адзінак спецтэхнікі і 148 перасоўных дызельных электрастанцый.