ЗША заклікалі да неадкладнага вызвалення Леаніда Судаленкі



 Злучаныя Штаты „асуджаюць арышт старшыні гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра „Вясна” Леаніда Судаленкі і яго памочніцы Марыі Тарасенкі 18 студзеня”, гаворыцца ў заяве пасольства ЗША ў Беларусі.

„Мы заклікаем да іх неадкладнага вызвалення. Праваабаронцы, такія як тыя, што працуюць у праваабарончым цэнтры „Вясна”, з’яўляюцца важнай часткай грамадзянскай супольнасці ў любой краіне, паколькі яны сочаць за выкананнем правоў чалавека ў краіне, праліваюць святло на парушэнні правоў чалавека і дакументуюць іх у надзеі, што аднойчы парушальнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці. Затрыманне аднаго з лідараў, а таксама супрацоўніцы „Вясны” з’яўляецца яшчэ адным сумным прыкладам спробаў беларускіх уладаў пагасіць гэта святло і не дапусціць, каб народ Беларусі і ўвесь свет даведаліся пра ўсю паўнату злоўжыванняў, якія здзяйсняюцца беларускімі ўладамі”, — падкрэсліваецца ў заяве.

ЗША заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і жорсткія парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, а таксама неадкладна вызваліць усіх несправядліва затрыманых.

„Гэтыя дзеянні супярэчаць абавязацельствам, узятым на сябе беларускім урадам як дзяржавай — удзельніцай АБСЕ. Мы заклікаем улады вызваліць сотні праваабаронцаў, мірных дэманстрантаў, палітычных зняволеных і журналістаў. Гэта найважнейшы, неабходны пачатковы крок на шляху да павагі патрабаванняў беларускага народа аб асноўных свабодах і імкненні выправіць сітуацыю ў краіне”, — адзначае пасольства ЗША.

Праваабаронца Леанід Судаленка затрыманы 18 студзеня. Вядома, што ён праходзіць па справе, распачатай па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), але невядома, па якой частцы артыкула і ў якім статусе.

Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу ўдзельнікам акцый пратэсту. За кошт французскай прэміі ў галіне правоў чалавека ён дапамагаў аплачваць штрафы і дзяржаўную пошліну пры падачы скаргаў у суд.

Праваабаронца пакінуў паведамленне, якое прасіў апублікаваць пасля магчымага арышту. Ён растлумачыў, што атрыманне фізічнай асобай праз беларускі банк грошай з-за мяжы не з’яўляецца крымінальным злачынствам, аплата штрафаў, харчавання ў ізалятарах і дзяржпошлін ажыццяўлялася выключна ўдзельнікам мірных акцый; аказанне дапамогі рэпрэсаваным, у тым ліку шляхам падачы скаргаў у суды, адбывалася выключна пасля, а не да ўдзелу ў пратэстах.

Праваабаронца ў сваім лісце падкрэсліў, што дапамога аказвалася выключна праз банк і выплатай грашовых сродкаў у дзяржбюджэт, што пацвярджаецца канфіскаванымі квітанцыямі, а абарона правоў рэпрэсаваных на нацыянальным і міжнародным узроўні насіла публічны характар з асвятленнем у СМІ.

Памочніца Судаленкі затрыманая ў Гомелі позна вечарам 18 студзеня. У доме Марыі Тарасенкі прайшоў вобшук. Яна змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання, яе статус пакуль невядомы.

belapan.by