СК прыпыніў праверку па справе ксяндза Вячаслава Барка
Пра гэта ксёндз Вячаслаў, пробашч расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча, паведаміў у сацыяльных сетках.
Менавіта з нагоды паведамленняў, размешчаных у Сеціве, 12 лістапада яго дапытвалі ў раённым аддзеле Следчага камітэта ў Расонах, а потым распачалі праверку зместу блогаў на YouTube, Facebok і Instagram. Цяпер праверка прыпынена, распавёў Вячаслаў Барок:
– Дастаўлена мне паведамленне ад Следчага камітэту: правядзенне праверкі па факце распаўсюджвання праз Сеціва ў адкрытым доступе матэрыялаў, якія могуць змяшчаць заклікі на распальванне экстрэмізму, прыпынена.
Падставай для прыпынення праверкі стала “неатрыманне вынікаў экспертызы”, гаворыцца ў лісце са Следчага камітэта. Інакш кажучы, тэрміны праверкі скончыліся, а падставаў, каб абвінаваціць ксяндза Вячаслава Барка “у экстрэмізме”, у следчых няма. Ці будзе праверка адноўлена па выніках экспертызы, калі яны будуць вядомыя, ксяндзу не паведамілі. Але прыпыненне праверкі ён лічыць добрым знакам, падкрэслівае Вячаслаў Барок у сваім звароце да сваіх прыхільнікаў у сацыяльных сетках.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск