Дзве студэнткі Белмедуніверсітэта абвясцілі галадоўку



Студэнткі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Арзуманян абвясцілі галадоўку ў знак салідарнасці з блогерам Ігарам Лосікам, паведамляе тэлеграм-канал „Рупар БДМУ”.

Канал прыводзіць заяву Арзуманян пра тое, што яна будзе галадаць „столькі часу, наколькі хопіць сіл”. „Я перакананая, што ён робіць памылку, і бачу толькі адзін спосаб уздзеяння на ягонае рашэнне — далучыцца да галадоўкі”, — піша дзяўчына.

Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік галадае ў жодзінскай турме ўжо 37-мы дзень.

Ён знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года і прызнаны палітзняволеным. Першапачаткова ён быў абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што Лосіку выстаўленае новае абвінавачанне — на падставе арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу” выказаў меркаванне, што гэта зроблена „з мэтай пакінуць Ігара пад вартай, бо 25 снежня мінаў апошні тэрмін яго ўтрымання паводле папярэдняга абвінавачання”.

Лосік віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень абвясціла аб бестэрміновай галадоўцы яго жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што з-за націску на сям`ю вымушаная галадоўку спыніць.

25 снежня стала вядома, што Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

19 студзеня адвакат Дзмітрый Лепрэтар паведаміў БелаПАН, што стан здароўя Лосіка пагоршыўся: „ён адчувае слабасць, артэрыяльны ціск на працягу дня вельмі нестабільны”.

Паводле слоў адваката, нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, Лосік заяўляе, што „будзе галадаць далей”.

belapan.by