Андрэй Прыстаўка: Пратэст не здуўся, ён трансфармаваўся
Некаторыя берасцейскія актывісты гэтым разам сустракалі зімовыя святы ў мясцовым ізалятары. Усе яны афіцыйна адбывалі пакаранне за парушэнне артыкула КоАП РБ — аб «парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў».
Сённяшні “Госць Рацыі” – берасцейскі праграміст, удзельнік акцый пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Андрэй Прыстаўка, які таксама сустрэў навагоднія святы ў мясцовым ІЧУ.
Андрэй Прыстаўка: 22 снежня я чарговы раз выйшаў да нашага гарадскога аддзелу міліцыі са сцягам з Пагоняй. Гэта было каля 9-й раніцы, калі людзі ішлі на працу. Гэта ўжо атрымліваецца акцыя. І таму мяне супрацоўнікі міліцыі затрымалі. Склалі пратакол за парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў. Там гадзін 10 я прасядзеў у “малпоўніку”. Пасля мяне адвезлі ў ІЧУ. Там прасядзеў двое сутак да суда. Суд не адбыўся. Суддзя адправіў справу на дапрацоўку. 28-га мне патэлефанавалі ў дамафон: адкрыйце, міліцыя. Мяне павезлі на суд. Прысудзілі 15 сутак. Паколькі 2 сутак я адседзеў, атрымалася 12. І да 10 студзеня я прасядзеў. Вось так я правёў Новы год у ІЧУ.
РР: Вашае бачанне сітуацыі, асабліва пасля таго, як літаральна перад Новым годам найбольш актыўных удзельнікаў пратэстных мерапрыемстваў у Берасці пазатрымлівалі, на некаторых нават крымінальныя справы завялі, як на Паліну Шарэнду-Панасюк. Ці варта далей у такім фармаце працягваць?
Андрэй Прыстаўка: Я вельмі хачу працягваць. Але, калі быць шчырым, гэтая крымінальная справа, якая, магчыма, заведзена на мяне, вельмі мяне напружвае і стрымлівае насамрэч. Акрамя таго, гэта вельмі моцна б’е па настроі і нервах маіх бацькоў. Я бачу, што яны праз гэта вельмі моцна пакутуюць. І я не магу да гэтага так лёгка адносіцца. Я вельмі хачу працягваць і вельмі спадзяюся, што не я адзін. Беларусы ўжо не вернуцца да свайго мінулага жыцця, да трывання гэтага рэжыму. У дадзены момант я крыху спынюся менавіта з-за гэтай крымінальнай справы і стану маіх бацькоў. Але я спадзяюся, што ўсё роўна, пратэст не здуўся. Пратэст трансфармаваўся. І я думаю ён і надалей будзе трансфармавацца. І ён знойдзе нейкія іншыя магчымасці і спосабы. Я не ведаю якія, але я веру і вельмі спадзяюся, што з’явяцца больш эфектыўныя спосабы, больш дзейсныя, чым мае выхады са сцягам да аддзялення міліцыі.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: „Бінокль”