У Берасці суд пачаў разгляд „карагоднай справы”, у ёй 56 фігурантаў (абноўлена)



Завершыўся першы дзень слуханняў па «вадамётна-карагоднай» справе. Паводле прысутных, у зале суда апыталі 7 з 10 абвінавачаных. Па версіі пракуратуры, кожны з гэтых 10 наўмысна прымаў удзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак. Каментуе грамадскі актывіст Віталь Казак, які назірае за справай:

– Маё меркаванне, на 100% гэта палітычная справа. Хочуць запалохаць астатніх грамадзян, якія выходзілі на масавыя мерапрыемствы супраць таго беззаконня, якое ў нас было падчас прэзідэнцкіх выбараў. Ва ўсім, канешне, былі вінаватыя мясцовыя ўлады, я лічу. І, зразумела, самы галоўны, хто знаходзіцца ў Менску.

Санкцыя артыкулу (342 КК РБ) — штраф, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў. У судзе абвешчаны перапынак да 27 студзеня.

* * * 

У першы дзень слуханняў «карагодна-вадамётнай» справы працягваюць апытваць абвінавачаных. Не ўсе з іх каментуюць тое, што адбываецца, але некаторыя ўсё ж выказалі сваё меркаванне. Сярод іх і Віталь Літвін:

– Мне падаецца сама сітуацыя з перакрыжаваннем нейкая няпростая. У іх вельмі добрая нагода ўсіх прыхапіць. Не ведаю, арганізоўвалі – не арганізоўвалі, таму што рэальна на той момант, ідучы і гаворачы з людзьмі, на маё пытанне – а чаму мы тут спыніліся, адказ пачуў –  не ведаю. Вось былі адказы.

«Гэта будзе доўгі працэс, нават калі ўсё вельмі хутка правядуць, бо зашмат абвінавачаных. Суд наўрад ці скончыцца за адзін дзень», – паведамляюць валанцёры праваабарончага цэнтру «Вясна».

* * * 

Эпізод меў месца 13 верасня 2020 года ў Берасці падчас адной з акцыяў пратэсту супраць вынікаў выбараў.

Паводле праваабаронцаў, справу падзялілі на некалькі справавытворчасцяў і сёння пачаўся разгляд адной з іх з дзесяццю абвінавачанымі. Сярод іх і маладая настаўніца Марына Глазава.  Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– У людзей быў святочны настрой, людзі выйшлі з дзецьмі, з шарыкамі, са сцяжкамі. Кожны па-свойму выказвае сваё стаўленне да таго, што адбываецца. Людзі вадзілі карагоды і так далей. Прыгналі вадамёты і давай іх разганяць. І скончылася тым, што іх вінавацяць у тым, што яны заміналі руху транспарту. Гэта артыкул 342 КК – „арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак”. Ніхто не скардзіўся, што хтосьці парушае груба грамадскі парадак. Арганізатараў таксама няма. Ніякіх папярэджанняў, што хтосьці парушае грамадскі парадак таксама не гучала. Пераслед пачаўся потым, праз некалькі дзён пасля гэтых гулянняў. Гэта ўсё высмактана з пальца, каб падагнаць пад гэты крымінальны артыкул і прыцягнуць кагосьці ў якасці прыкладу для іншых, што не трэба ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, не трэба дэманстраваць свой добры настрой і спадзевы на перамены і лепшую будучыню.

Са спісам усіх сённяшніх абвінавачаных можна азнаёміцца ў Telegram-канале мясцовай «Вясны». Паседжанне адбываецца ў Судзе Ленінскага раёна Берасця. Суддзя — Святаслаў Каліна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/viasna_brest