Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў рыхтуе скаргу ў МАП



 Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) рыхтуе скаргу ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП) аб тым, што беларускія рабочыя пазбаўленыя права на забастоўку, паведаміў БелаПАН старшыня БКДП Аляксандр Ярашук.

„Гаворка ідзе аб парушэнні Канвенцыі № 87 аб свабодзе асацыяцый, дзе прапісана і права на забастоўку работнікаў. У Беларусі гэта права груба парушаецца. Канвенцыя ратыфікаваная Беларуссю”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Ярашука, неабходныя дакументы ўжо перададзеныя ў Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў, якая будзе падаваць скаргу. Да дакументаў прыкладаецца спіс супрацоўнікаў беларускіх прадпрыемстваў, звольненых за ўдзел у забастоўках у 2020 годзе.

„Мы спадзяемся, што пандэмія калі-небудзь скончыцца і ў гэтым годзе адбудзецца штогадовая канферэнцыя МАП, якая разгледзіць скаргу”, — заявіў старшыня БКДП.

Ён адзначыў, што ў БКДП ёсць досвед накіравання такіх скаргаў і эфектыўнасці іх разгляду ў МАП. „У 2000 годзе мы падавалі скаргу, яна была прынятая ў вытворчасць, была распачатая справа. У 2004 годзе ў Беларусі працавала спецыяльна створаная камісія па расследаванні, у канчатковым выніку яна выдала рэкамендацыі, якія ўлады не выканалі. На падставе гэтых рашэнняў Міжнароднай арганізацыі працы і таго, што беларускія ўлады праігнаравалі выкананне рэкамендацый, у 2007 годзе Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў і Еўрапейская канфедэрацыя прафсаюзаў запатрабавалі ад Еўрапейскага саюза пазбавіць Беларусь гандлёвых прэферэнцый. Гэта было зроблена. Гэта быў вельмі адчувальны ўдар па беларускім рэжыме”, — сказаў Ярашук.

Пры гэтым ён дапускае, што да моманту разгляду скаргі ў БКДП ужо „не будзе неабходнасці даваць ёй ход”. „Мы не ведаем, колькі яшчэ наканавана гэтай уладзе праіснаваць”, — заявіў кіраўнік кангрэса.

Са жніўня 2020 года на буйных прадпрыемствах Беларусі пачаліся забастоўкі ў знак нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Рабочыя патрабавалі адмяніць вынікі выбараў, а таксама спыніць гвалт над пратэстоўцамі, вызваліць палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі. Пасля больш за 100 работнікаў было звольнена, лідары страйкамаў прыгаворваліся да адміністрацыйных арыштаў па абвінавачанні ў арганізацыі несанкцыянаваных мерапрыемстваў і ўдзеле ў іх.

10 верасня генеральны дырэктар МАП Гай Райдэр заклікаў Аляксандра Лукашэнку прадухіліць парушэнні правоў чалавека і забяспечыць паўнавартасную павагу правоў і свабод працоўных падчас пратэстаў. У адрасаваным Лукашэнку лісце Райдэр настойліва раіў зняць усе абвінавачанні і вызваліць прафсаюзных актывістаў, якія былі затрыманыя пасля ўдзелу ў мірных пратэстах і забастоўках. „Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі або зведваць крымінальныя санкцыі толькі за факт арганізацыі або ўдзелу ў мірнай забастоўцы або пратэсце”, — запатрабаваў ён.

belapan.by