„Белнафтахім” зноў будзе на капейку павышаць цэны на аўтамабільнае паліва



Упершыню пасля 27 кастрычніка 2020 года ў Беларусі павышаюцца рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва — традыцыйна на адну капейку. Мяркуючы па паведамленні канцэрна „Белнафтахім”, праз тыдзень паліва падаражэе на капейку яшчэ раз.

З 21 студзеня 2021 года рознічныя цэны на маторнае паліва на АЗС складуць: АІ-92-К5-Еўра — 1,71 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,81 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,03 рубля, ДП — 1,81 рубля за літр.

„У студзені 2021 года адзначаецца значны рост кошту нафты на сусветным рынку. Сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent склала 54,3 долара ЗША за бараль і ўзрасла ў параўнанні са снежаньскім узроўнем каціровак на 9%, у параўнанні з сярэднегадавым узроўнем 2020 года — на 30%. З улікам змены знешніх фактараў у студзені гэтага года кошт нафты, якая закупляецца беларускімі НПЗ, узрос да снежня на 11%”, — адзначае „Белнафтахім”.

„У мэтах забеспячэння ўстойлівай працы НПЗ і недапушчэння рэзкіх ваганняў кошту паліва на ўнутраным рынку” канцэрн вырашыў „у студзені працягнуць цэнавую стратэгію па індэксацыі ўзроўню гранічных максімальных цэн на нафтапрадукты штотыдзень не больш чым на 1 капейку”.

„Цэны ў рэспубліцы застаюцца на 22—51% ніжэйшымі, чым у сумежных еўрапейскіх дзяржавах, і вышэйшымі, чым рознічныя цэны Расейскай Федэрацыі, на 8—10%”, — падкрэслівае „Белнафтахім”.

belapan.by