Белы дом: Абарона правоў чалавека будзе адным з прыярытэтаў адміністрацыі Джо Байдэна
Аднаўленне дэмакратычных саюзаў па ўсім свеце, адстойванне амерыканскіх каштоўнасцяў і правоў чалавека будзе адным з прыярытэтаў адміністрацыі новага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і віцэ-прэзідэнта Камалы Харыс, гаворыцца ў паведамленні Белага дома.
46-ты прэзідэнт Злучаных Штатаў, які ўступіў 20 студзеня на пасаду, мае намер „аднавіць становішча Амерыкі ў свеце”.
У якасці кандыдата ў прэзідэнты Байдэн двойчы выказваўся аб падзеях, якія адбываюцца ў Беларусі.
25 верасня мінулага года ён выступіў з заявай з нагоды інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая рыхтавалася ў тайне, і раскрытыкаваў тагачаснага прэзідэнта Дональда Трампа за адсутнасць пазіцыі па сітуацыі ў Беларусі. „Прэзідэнт, які хаваецца ў страху ад уласных грамадзян, які адмаўляецца прыняць волю народа, — прыкмета слабага, нелегітымнага самадзержца, а не моцнага лідара. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага”, — адзначыў Байдэн.
27 кастрычніка ён заявіў: „Больш за два месяцы народ Беларусі мірна пратэстуе, патрабуючы пакласці канец жорсткай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі адказаў кулямі, святлошумавымі гранатамі, масавымі затрыманнямі і катаваннямі”. Паводле слоў Байдэна, нягледзячы на рэпрэсіі, працоўныя па ўсёй Беларусі пачалі нацыянальную ўсеагульную забастоўку, каб прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады. „Хоць прэзідэнт Трамп адмаўляецца выступаць ад іх імя, я працягваю быць з народам Беларусі і падтрымліваю яго дэмакратычныя памкненні. Я таксама асуджаю абуральныя парушэнні правоў чалавека, якія ўчыняюцца рэжымам Лукашэнкі”, — падкрэсліў на той момант кандыдат у прэзідэнты ЗША.
„Ні адзін лідар, які мучыць свой уласны народ, не можа прэтэндаваць на легітымнасць, — лічыць Байдэн. — Вось чаму міжнародная супольнасць павінна значна ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да паслугачоў Лукашэнкі і замарозіць афшорныя рахункі, на якіх яны захоўваюць выкрадзенае багацце”.
У выпадку перамогі на выбарах Байдэн, паводле яго слоў, мае намер разам з еўрапейскімі партнёрамі і саюзнікамі распрацаваць план эканамічнай падтрымкі „сапраўды суверэннай дэмакратычнай Беларусі”. „Да таго часу я працягну далучацца да заклікаў Святланы Ціханоўскай і народа Беларусі мірна перадаць уладу, вызваліць усіх палітзняволеных, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, каб беларускі народ нарэшце змог рэалізаваць свае дэмакратычныя правы, за якія ён шмат чым ахвяраваў”, — запэўніў амерыканскі палітык.
Фота Reuters