Беларускія гандбалісты вырвалі нічыю са шведамі на чэмпіянаце свету ў Егіпце
Гандбалісты зборнай Беларусі згулялі ўнічыю са шведамі 26:26 на старце другога этапа чэмпіянату свету ў Егіпце. Пачатак гульні з адным з фаварытаў сусветнага першынства застаўся за беларусамі, у першым тайме іх перавага даходзіла да васьмі мячоў, але да перапынку шведы скарацілі разрыў да чатырох мячоў – 11:15. У другой палове скандынавы спачатку дагналі беларусаў, потым некалькі разоў выходзілі наперад, але ў выніку сустрэча завяршылася ўнічыю, якую беларусы вырвалі за секунду да фінальнай сірэны. Свой наступны матч падначаленыя Юрыя Шаўцова правядуць заўтра супраць каманды Егіпта.
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі АЕКу ў матчы Лігі чэмпіёнаў
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” не здолелі прабіцца ў другі групавы этап розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. У апошнім матчы спаборніцтваў у групе С падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі на пляцоўцы мінскага „Фалькон клуба” грэцкаму АЕКу з Афін з лікам 90:95. Самым выніковым у складзе гаспадароў стаў Дэрэк Кук, які набраў 19 ачкоў. У групе С „Цмокi-Мiнск”, набраўшы 8 ачкоў заняў апошняе месца.
Андрэй Касціцын вызначыўся з новым клубам
Беларускі форвард Андрэй Касціцын працягне кар’еру ў „Дынама-Пардубіце”. Каманда выступае ў чэшскай „экстралізе” і займае сёмае месца ў турнірнай табліцы. Паведамляецца, што 35-гадовы форвард падпісаў кантракт да канца сезона. Напярэдадні стала вядома, што малодшы брат Андрэя Сяргей Касціцын працягне кар’еру ў клубе „Браціслава Кэпіталс”.
БАТЭ пад кіраўніцтвам новага трэнера разгромна саступіў «Нёману»
БАТЭ пачаў падрыхтоўку да новага сезона і правёў першы спарынг супраць гарадзенскага «Нёмана». У Мінску барысаўчане пад кіраўніцтвам новага трэнера Віталя Жукоўскага праверылі бліжэйшы рэзерв каманды і прайгралі гарадзенцам з лікам 1:4. З асноўнага складу «жоўта-сініх» ніхто не гуляў. Наступны спарынг БАТЭ правядзе 24 студзеня супраць «Іслачы». Таксама прайшлі яшчэ два таварыскія матчы. «Мінск» разграміў «Іслач» з лікам 5:1, а «Славія» згуляла ўнічыю з дублёрамі «Шахцёра» – 1:1. Па інфармацыі «Прессбола», чыноўнікі забаранілі камандам, якіх падтрымлівае дзяржава праводзіць замежныя зборы. Зрэшты, «Шахцёр» гэта не спыніла, каманда паляцела ў ААЭ.
„Ювентус” стаў уладальнікам Суперкубка Італіі, абыграўшы „Напалі”
У матчы за Суперкубак Італіі турынскі «Ювентус» абыграў «Напалі». Сустрэча завяршылася перамогай турынскай каманды з лікам 2:0. На 64-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў партугальскі нападнік «Ювентуса» Крышціяну Раналду. На 80-й хвіліне галоўны арбітр сустрэчы прызначыў пенальці ў браму турынскай каманды, аднак італьянскі форвард „Напалі» Ларэнца Інсінье ня здолеў рэалізаваць 11-метровы. Другі гол «Ювентуса» забіў нападнік Альвара Марата. Гэты трафей стаў дзевятым для турынскага клуба. У 1/16 фіналу Кубка Іспаніі клуб «Алькаяна» з трэцяга іспанскага дывізіёна прымаў мадрыдскі «Рэал». Сустрэча сенсацыйна завяршылася перамогай гаспадароў у авертайме з лікам 2:1. У матчы 17-га тура нямецкай Бундэслігі «Аўгсбург» саступіў «Баварыі» 0:1. Адзіны гол з пенальці на 13-й хвіліне забіў польскі нападнік Роберт Левандоўскі. Мюнхенская «Баварыя» набрала 39 ачкоў і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату. Гол Кавані пасля памылкі брамніка і непаўторны ўдар Пагба дазволілі «Манчэстэр Юнайтэд» абыграць лонданскі «Фулхэм» 2:1 у матч 18-га тура англійскай Прэм’ер-лігі. У перанесеным матчы „Манчэстэр Сіці” апынуўся мацней за „Астан Вілу” – 2:0
Жаночай гонкай на 15 км у Антхольцы пачнецца сёмы этап Кубка свету па біятлону
Сёмы этап Кубка свету па біятлону пачынаецца сёння ў італьянскім Антхольцы. Першымі на старт выйдуць жанчыны, якім трэба будзе вызначыць пераможцу ў індывідуальнай гонцы на 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі. У ёй прымуць удзел чатыры беларускія біятланісткі: Ірына Крыўко стартуе пад 5-ым нумарам, Дынара Алімбекава (28-й), Алена Кручынкіна (42-й), Ганна Сола (73-й). Лідар агульнага заліку нарвежская біятланістка Марце Олсбю-Ройселан сыдзе на дыстанцыю пад восьмым нумарам.
Беларускае Радыё Рацыя