Гарадзенец асуджаны на 3,5 гады за нібыта кінуты камень
Сяргея Рымшу, гарадзенца, супраць якога ўжо тры месяцы цягнуўся крымінальны працэс, урэшце асудзілі.
Яго абвінавачвалі ў тым, што нібыта ён кінуў камень у аўтамабіль з міліцыянтамі 9 жніўня летась. Сяргей Рымша, паводле рашэння „работніка суда” Юрыя Казакевіча, атрымаў тры с паловай гады калоніі агульнага рэжыму.
Праваабаронца Раман Юргель назіраў за вынясеннем прысуду:
– Як адвакат выступаў і казаў, што віны няма, так і Сяргей Рымша не прызнаў віну. Адвакат лічыць, што не даказана яго віна. На жаль, мы па ўсёй краіне назіраем такую карціну, што даюць самыя высокія прысуды за ўдзел у масавых мірных акцыях пратэсту па выніках сфальсіфікаваных выбараў.
Адразу пасля абвяшчэння рашэння суда Сяргея Рымшу ўзялі пад варту. Суд і міліцыянты-сведкі па справе гарадзенца Сяргея Рымшы праявілі зладжаны карны механізм, які абслугоўвае аўтарытарную сістэму Аляксандра Лукашэнкі, што не мае нічога агульнага з правасуддзем.
Суддзя Юры Казакевіч з Ленінскага раённага суда пастанавіў асудзіць гарадзенца на тры з паловай гады пазбаўлення волі паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэкса.
Дзяржаўным абвінаваўцам быў Мікіта Мыслівец.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя