Які “дыялог” збіраецца весці рэжым з апазіцыяй?
Палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што ў бліжэйшы час ніякага дыялогу не будзе.
Лукашэнка днямі заявіў што гатовы “весці перамовы з любымі сумленнымі людзьмі, у тым ліку з прадстаўнікамі апазіцыі”.
“Але не са здраднікамі, – дадаў пры гэтым ён. – Мы гатовыя весці дыялог з любой апазіцыяй па любых пытаннях, пачынаючы ад канстытуцыйных змяненняў і заканчваючы будучыняй нашай Беларусі. Але не перад кім мы на калені не станем”.
Анатоль Лябедзька: Рэжым, магчыма, і гатовы да дыялогу, але па сваім унутраным сцэнары. Мы і бачым, што ўжо спрабуюць арганізоўваць нейкія дыялогавыя пляцоўкі, калі прызначаюць апазіцыю для сваіх мэтаў і задач.
Але гэта абсалютна нікому не патрэбна, гэта ўсё фэйкавае. І слова “дыялог” у вуснах рэжыму настолькі дэвальвавана, што яго ніхто не ўспрымае ўсур’ёз.
Па вялікім рахунку, краіне сёння і насамрэч патрэбны перамовы, але не дыялог, за якім нікога і нічога не стаіць, альбо стаіць толькі Лукашэнка.
РР: У якім фармаце маглі б прайсці перамовы?
Анатоль Лябедзька: Напрыклад, пры пасярэдніцтве АБСЕ. Перамовы – гэта, калі маюцца два бакі, ёсць павестка дня і ёсць кропка, ад якой можна далей танчыць. Калі б маглі прайсці перамовы пры пасярэдніцтве АБСЕ паміж прадстаўнікамі рэжыму і Каардынацыйнай рады, то можна было б вырашаць розныя пытанні. Скажам: як будзе адбывацца транзіт улады? Як будзе адбывацца вызваленне палітвязняў і затрыманых? Пытанне спыненне гвалту і рэпрэсій, правядзенне свабодных і сумленных выбараў.
Вось па гэтых пытаннях магла б быць сур’ёзная дыскусія. А ўсё астатняе – локшыны на вушы. Паўтаруся: калі за фармулёўкай “дыялог” стаіць толькі адзін чалавек, то карысць ад такога дыялогу будзе нуль. Калі ў дыялогу ўдзельнічаюць людзі “ад апазіцыі”, якіх прызначае рэжым альбо сілавыя структуры, карысці таксама – нуль. Атрымаюцца агульныя размовы пра міфічны дыялог.
РР: А навошта рэжыму наогул нейкі дыялог, калі ён і так добра сябе адчувае, маючы падтрымку сілавога блоку?
Анатоль Лябедзька: Натуральна, што ніякі дыялог яму не патрэбны, але гаворку пра гэта яны заводзяць пад прымусам, бо з Крамля кажуць: неабходна арганізаваць нейкія камунікацыі з грамадствам, каб людзі сышлі з вуліцы. У Менск прыязджаюць такія дзядзькі, як кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазел, і яму таксама трэба нешта паказаць і паабяцаць.
Адным словам, у рэжыма пазіцыя такая: калі вам трэба, то я скажу слова “дыялог”. А Лукашэнку ніякі дыялог сёння асабліва не патрэбны. Ён яго ўспомніць толькі тады, калі будзе крытычная сітуацыя. Зараз яна іншая. Пратэстоўцы не змаглі перамагчы рэжым, але і рэжым не перамог пратэстоўцаў. У такой сітуацыі рэжым не будзе шчырым ні ў выразах, ні ў тэрміналогіях, ні, тым больш, у дзеяннях.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя