Алена Анісім: Ён да апошняга заставаўся аптымістам



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім выказалася пра вядомага беларускага гісторыка Леаніда Лыча, які быў пахаваны на гэтым тыдні.

Памёр вядомы гісторык Леанід Міхайлавіч Лыч. Апошні час ён знаходзіўся ў цяжкім стане ў бальніцы.

Алена Анісім: Для Таварыства беларускай мовы гэта значная страта, таму што Леанід Міхайлавіч быў вельмі патрыятычным чалавекам. Ён практычна да апошняга быў актыўным сябрам ТБМ, падтрымліваў арганізацыю сваімі ўнёскамі і, пакуль не было пандэміі, перыядычна наведваўся ў нашу сядзібу.

Сустракаўся з людзьмі, імкнуўся нешта набыць і абавязкова перадаваў свае кнігі. Як мне падаецца, адна з самых галоўных рысаў Леаніда Міхайлавіча – гэта тое, што ён у любую хвіліну ў любой сітуацыі імкнуўся дагрукацца да тых людзей, хто пры ўладзе, каб пераканаць іх у неабходнасці трымацца роднага слова. Трымацца неабходнасці бараніць незалежнасць краіны і будаваць менавіта беларускую дзяржаву.

РР: У дачыненні да апошніх падзей Леанід Міхайлавіч не выказваўся?

Алена Анісім: Апошнім часам ён хварэў, але, думаю, што яго сэрца проста разрывалася на часткі, калі ён бачыў, што адбываецца, і, што паўплываць на гэта вельмі цяжка. Хаця ён да апошняга заставаўся аптымістам.

Для Беларусі гэта вельмі вялікая інтэлектуальная страта, бо гэта быў вельмі адукаваны чалавек. Ён нястомна з добрай беларускай настойлівасцю ўвесь час гаварыў пра адно – бараніў Беларусь, нашу культуру і мову. Паказваў прыклад таго, як можна бараніць сваю маленькую Радзіму.

За сваё жыццё Леанід Міхайлавіч паспеў сказаць сваё важкае слова і перадаць свой вопыт тым, хто працягне яго пачынанні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя