Алена Курась-Калеўева: Калі Беларусь стане вольнай, вярнуся дадому



З чаго пачынаецца пераезд беларусаў у Польшчу? Ці змяніліся тыя беларусы, што прыязджалі пяць ці дзесяць гадоў таму ў краіну-суседку ў параўнанні з цяперашнімі? Як выглядае адаптацыя ў часе Ковід-19? Адказы на такія ды іншыя пытанні дала сённяшняя „Госця Рацыі” – беларуска, валанцёрка, якая ўжо восем гадоў жыве ў Польшчы, Алена Курась-Калеўева.

РР: Вы знаходзіцеся ў Польшчы фактычна 8 гадоў. Як за гэты перыяд змянілася вашае жыццё?

Алена Курась-Калеўева: Яно змянілася кардынальна. Таму што зусім іншая ментальнасць, усё іншае. Апошні раз я на радзіме была ў мінулым годзе 2 студзеня. І адарванасць яна ёсць. Людзі, якія сюды прыязджаюць, напрыклад, вучыцца, яны павінны разумець, што ёсць 80 адсоткаў таго, што яны не вернуцца ў Беларусь.

РР: Вы назіраеце за тым, як прыязджаюць у Польшчу беларусы. Ці змяніліся гэтыя беларусы, якія трапляюць у краіну-суседку?

Алена Курась-Калеўева: Я магу адзначыць, што калі казаць пра беларусаў, мы лепш адаптуемся, чым украінцы. Мы стараемся вучыць польскую мову, мы паводзім сябе больш як палякі. Так, беларусы вельмі мяняюцца.

РР: Планы на будучыню вы звязваеце з новай Беларуссю ці з Польшчай? І чаму?

Алена Курась-Калеўева: Як толькі мы пераможам, канешне, гэта будзе Беларусь. Таму што я не выязджала з эканамічных прычын, я калісьці выехала з палітычных прычын. Таму сапраўды, вельмі спадзяюся на хутчэйшую перамогу. І гэта будзе толькі пытанне часу, калі вярнуся назад. У маіх асабістых планах атрымаць тут грамадзянства. Таму што мы ведаем, што ўсё можа быць – на жаль, Беларусь знаходзіцца пад вялікім уплывам Расеі. Таму ўсё можа здарыцца. Я планую атрымаць грамадзянства – гэта будзе праз год. І тады, калі ўсё будзе добра і Беларусь будзе вольная, канешне, вярнуся дадому.

Алена Курась-Калеўева звярнула ўвагу, што з-за каронавіруса – сёння не лепшы час для пераезду ў краіну-суседку. Але калі так складваецца сітуацыя, то рынак працы настолькі вялікі, што ўсё роўна на ўсіх хопіць занятку.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sport-marafon.ru