Страйкоўцы „Беларуськалія” адказалі на прапанову кампаніі аднавіцца на працы



Аднаўленне на працы звольненых магчымае толькі ў выпадку выканання раней вылучаных патрабаванняў, гаворыцца ў відэазвароце членаў страйкама ААТ „Беларуськалій” у адказ на сённяшнюю заяву кіраўніцтва прадпрыемства.

Раней кіраўніцтва „Беларуськалія” заявіла, што гатова працягваць узаемадзеянне з нарвежскай кампаніяй — пакупніком калійных угнаенняў Yara International і прыняць яе спецыялістаў для маніторынгу вытворчых працэсаў.

„Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце і працягнем у далейшым супрацоўніцтва з кампаніяй „Яра” ў пытаннях арганізацыі бяспекі ўмоў працы, паляпшэння здароўя і павышэння сацыяльнага ўзроўню нашых работнікаў”, — гаварылася ў прэс-рэлізе „Беларуськалія”.

Было падкрэслена, што кіраўніцтва прадпрыемства прыняло рашэнне аб зняцці дысцыплінарных спагнанняў з работнікаў, а звольненыя раней работнікі могуць быць прынятыя назад у ААТ „Беларуськалій” у выпадку падачы імі адпаведных заяў.

„У адказ на прэс-рэліз адміністрацыі „Беларуськалія” заяўляем наступнае: мы, удзельнікі страйку, не можам пагадзіцца з пазіцыяй гендырэктара Івана Галаватага аб прыняцці на працу ўсіх страйкамаўцаў, так бы мовіць, з чыстага ліста. Сыход у страйк для ўсіх нас з`яўляецца адзіным спосабам выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі ў дачыненні да таго, што адбываецца ў краіне і на прадпрыемстве, — адзначаюць рабочыя. — Мы не згодныя з фармулёўкай „прыняць на працу”, бо ніхто з нас не пісаў заявы на звальненне і не ўчыняў наўмысных прагулаў. Спыненне выканання працоўных абавязкаў насіла вымушаны характар. Патрабуем аднавіць кожнага звольненага ўдзельніка страйку на сваім працоўным месцы і неадкладна пачаць выкананне вылучаных раней патрабаванняў страйкавага камітэта, пасля чаго ўдзельнікі страйку змогуць спакойна пачаць выкананне сваіх працоўных абавязкаў”.

Страйкам „Беларуськалія” пісьмова заявіў, што не збіраецца весці ніякіх перамоў з кіраўніцтвам прадпрыемства. „Прапанова аднавіць членаў страйку на працы — гэта шырма для нарвежскай кампаніі Yara для заключэння новага кантракта. А таксама спроба разваліць страйк”, — лічаць аўтары заявы.

„Мы ведаем, што адноўленыя работнікі ўсё роўна праз некаторы час пасля таго, як сітуацыя супакоіцца, будуць звольненыя па надуманых падставах. Іншадумства на „Беларуськаліі” ніколі не віталася, — адзначаецца ў заяве. — Але справа нават не ў гэтым. Смелыя шахцёры ўвайшлі ў страйк, таму што не маглі мірыцца з тымі самаўпраўнасцю і беззаконнем, якія чыняцца ў Беларусі. Таму абмеркаванне вяртання і спынення страйку можа быць толькі пасля выканання законных патрабаванняў”. Такімі з`яўляюцца: спыненне пераследу за грамадзянскую пазіцыю; вызваленне ўсіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў; распачынанне крымінальных спраў у дачыненні да супрацоўнікаў сілавых структур, якія парушылі закон; правядзенне новых, сумленных выбараў; прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай да адказнасці за злачынства супраць народа і фальсіфікацыю выбараў.

„Важна цяпер не ісці на саступкі і падачкі злачыннай улады. У нас адна мэта — змяніць рэжым, які парушае базавыя правы людзей”, — падкрэсліваецца ў заяве старайкама.

belapan.by

Фота: Тут.бай