BCSF абвясціў пра пачатак кампаніі #stopBT
Беларускі фонд культурнай салідарнасці (BCSF/Belarusian Culture Solidarity Foundation) абвясціў пра пачатак кампаніі #stopBT, мэта якой — пазбавіць Белтэлерадыёкампанію права на трансляцыю і ўдзел у міжнародным песенным конкурсе „Еўрабачанне”.
Адпаведны ліст накіраваны ў офіс Еўрапейскага вяшчальнага саюза (EBU) у Жэневе, паведамляецца на старонцы фонду ў „Фэйсбуку”.
Фонд таксама мае намер дамагацца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU.
„Не, мы не хочам пазбавіць Беларусь „Еўрабачання”. Мы хочам дамагчыся таго, каб Белтэлерадыёкампанія не мела адносін да ўсяго таго, што мае назву „Еўрапейскі”, бо гэты будынак знаходзіцца не на тэрыторыі Еўропы. Ён на тэрыторыі Зла”, — адзначаецца ў паведамленні фонду.
У BCSF лічаць, што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне сёння — „гэта не медыя, а інструмент палітычнага націску і прапаганды, з дапамогай якога ў грамадстве распальваецца варожасць”. „Яны звальняюць сваіх супрацоўнікаў проста за пост у сетках, разрываюць кантракты за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, як здарылася з пераможцамі нацыянальнага адбору да „Еўрабачання-2020″ VAL.musicproject. А тых, хто яшчэ застаўся працаваць, трымаюць у страху”, — сцвярджаецца ў паведамленні.
У лісце фонд тлумачыць, што працяг супрацоўніцтва Еўрапейскага вяшчальнага саюза з Белтэлерадыёкампаніяй, кіраўнік якой Іван Эйсмант уключаны ў санкцыйны спіс Савета Еўропы, „мае сур’ёзныя рэпутацыйныя рызыкі”.
Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі пакуль недаступная для каментараў.