Беларускаму народу трэба забяспечыць права голасу
Абавязак свабоднага свету — забяспечыць беларускаму народу права голасу і свабоду выбару сваёй будучыні. Пра гэта заявіла прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.
Бакі абмеркавалі палітычную сітуацыю ў Беларусі і пратэсты, якія працягваюцца больш за пяць месяцаў.
„Выклікае захапленне мужнасць беларускіх грамадзян, якія працягваюць мірныя пратэсты за дэмакратыю і свае асноўныя правы, нягледзячы на жорсткія дзеянні ўладаў”, — прыводзіць словы эстонскага кіраўніка яе прэс-служба. Паводле слоў Кальюлайд, краіны Балтыі і Польшча аднымі з першых звярнулі ўвагу на сітуацыю ў Беларусі; Эстонія і іншыя дэмакратычныя краіны імкнуцца да таго, каб беларускае пытанне працягвала ўздымацца ў міжнародных арганізацыях.
У сваю чаргу прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі „заклікала падтрымаць пашырэнне санкцый, дадаўшы ў спісы супрацоўнікаў АМАП і ГУБАЗіК, суддзяў і бізнесменаў, якія падтрымліваюць рэжым”. Былы начальнік ГУБАЗіК, цяпер намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ужо знаходзіцца ў эстонскім санкцыйным спісе.
Бакі таксама абмеркавалі магчымасць пачатку разгляду ў Эстоніі спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі: некалькі беларусаў праходзяць у гэтай краіне рэабілітацыю пасля гвалту з боку сілавікоў на радзіме.
Сёння Ціханоўская прыме ўдзел у нефармальным анлайн-пасяджэнні Савета бяспекі ААН па сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: t.me/tsikhanouskaya