Арыштаваным пратэстоўцам з Пінска не даходзіць большасць лістоў



Большасць лістоў і паштовак не даходзяць да трынаццаці пінчукоў, якія знаходзяцца пад арыштам у баранавіцкай калоніі №6. Пра гэта кажуць сваякі і сябры затрыманых. Усе яны праходзяць па крымінальнай справе за пратэсты каля Пінскага гарадскога выканкама ў ноч з 9 на 10 жніўня.

Па словах праваабаронцы, сябра Руху “За Свабоду” Алеся Рамановіча, гэта адзін з метадаў ціску на вязняў:

– Сама сістэма там так пабудаваная, каб чалавека зламаць. Каб казаць, што ты нікому не патрэбны. Хутчэй за ўсё таму і не даходзяць некаторыя лісты. Нават калі там не напісана такога, што цэнзар можа не прапусціць, але ж лісты не даходзяць. Я ведаю, што людзі пішуць паштоўкі. І шмат нават паштовак не даходзяць. Проста сістэма пабудаваная так, каб зламаць чалавека.

У нядаўнім лісце сваёй маці палітвязень Данііл Богнат выказаў шкадаванне, што на яго забыліся, хаця знаёмыя і сваякі лістуюць яму ў ШЫЗА. Пра нерэгулярнасць атрымання карэспандэнцыі піша паплечнікам і Ігар Салавей, які знаходзіцца ў баранавіцкай калоніі з верасня.

Беларускае Радыё Рацыя