Суд у Маскве арыштаваў беларускага цяжкаатлета Кудзіна на два месяцы



Дамадзедаўскі суд Масквы на два месяцы арыштаваў цяжкавагавіка Аляксея Кудзіна. Ён быў затрыманы ўчора ў Маскве па запыце беларускіх уладаў, паведамляе расейскі журналіст Аляксандр Люцікаў.

У Беларусі Аляксей Кудзін абвінавачваецца ў нанясенні цялесных пашкоджанняў прадстаўнікам праваахоўных органаў. У Маскве ён хаваўся каля двух месяцаў, жыў у кватэры свайго сябра Руслана Абдо, дзе і быў затрыманы.

Чакаецца, што да 1 сакавіка будзе вырашана пытанне аб экстрадыцыі Кудзіна ў Беларусь.

Нагадаем, цяжкаатлета Аляксея Кудзіна затрымалі на акцыі пратэсту 10 жніўня ў Маладэчне. Адпусцілі 21 жніўня, узбудзіўшы ў яго дачыненні крымінальную справу і абраўшы меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

На судовае паседжанне 19 лістапада Кудзін не з’явіўся. Яго жонка распавяла, што раніцай муж паведаміў, што з’яжджае ў суд. Больш яна яго не бачыла, на тэлефонныя званкі ён не адказваў.

Пасля гэтага суддзя змяніла меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту, а Аляксея Кудзіна афіцыйна абвясцілі ў вышук.

novychas.by