Масавыя рэпрэсіі ў Бабруйску: за 22 студзеня затрымалі 12 чалавек



22 студзеня ў Бабруйску былі затрыманыя не менш за 12 чалавек. Наколькі вядома рэдакцыі «Бабруйскага кур’ера», ва ўсіх або амаль усіх прайшлі ператрусы, была канфіскавана тэхніка. Людзей затрымлівалі па розных артыкулах: кагосьці па адміністрацыйных, некаторых па крымінальных.

Адным з першых каля 8 раніцы пра ператрус паведаміў Андрэй Сініца — ён напісаў знаёмай, што яго дзверы спрабуюць ламаць супрацоўнікі міліцыі. Калі мужчына адчыніў, міліцыянты правялі ператрус.

Як пазней распавёў сын Андрэя, супрацоўнікі патлумачылі, што ў іх ёсць санкцыя ў сувязі з крымінальнай справай за абразу міліцыянтаў. Таксама згадваўся телеграм-канал «Карнікі Беларусі». Андрэя Сініцу затрымалі. Выходныя ён правядзе ў ІЧУ.

Пазней стала вядома, што Андрэй Сініца затрыманы па арт. 23.34 Каап РБ — нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў выглядзе пікетавання ў в. Бярозавічы 2 студзеня. Суд пройдзе ў панядзелак.

Мужчыну затрымлівалі раней, у лістападзе мінулага года, каля помніка ахвярам рэпрэсій, куды ён прынёс лампадку. Тады Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП РБ і асудзілі на пяць сутак арышту.

Падчас пятнічнага «хапуну» была затрыманая бабруйчанка Алена Стрыгунова. Як нам стала вядома, жанчыну абвінавачваюць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве або пікеце (арт. 23.34 Каап РБ) за фатаграфіі з бел-чырвона-белым сцягам. Алена застанецца ў ІЧУ да суда.

Таксама як мінімум да панядзелка пад арыштам будзе Яўген Габрэлян. Дзе менавіта, спрабаваў высветліць яго бацька Меружан Габрэлян, але ва УУС яму не далі ніякай інфармацыі.

А 7 раніцы да Меружана Габрэляна і яго жонкі прыйшлі з ператрусам, паколькі Яўген зарэгістраваны па адрасе бацькоў. Канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара, планшэты, СД-дыскі, флэшкі, паперы і нататнікі Яўгена, буклеты «Дзень Волі», налепку BY з «Пагоняй» на задняе шкло аўтамабіля, Канстытуцыю 1994 года з «Пагоняй» на вокладцы.

Таксама былі затрыманыя медыкі Юлія і Дзмітрый Яскевічы. Як нам стала вядома, яны да суда ў ІЧУ. У мужа і жонкі — 4-гадовая дачка.

Пасля ператрусу затрымалі бацьку пяцярых дзяцей Дзмітрыя Шашко.

Няпростая сітуацыя ў затрыманага Сяргея Бяляева. Як распавялі ў міліцыі яго маці, ён затрыманы па адміністрацыйным артыкуле, суд адбудзецца ў панядзелак, 25 студзеня.

Сяргей — інвалід 3-й групы, у яго вельмі сур’ёзнае захворванне, тройчы на дзень мужчына прымае некалькі відаў лекаў. Гэтыя лекі для яго жыццёва неабходныя, без іх могуць быць самыя сур’ёзныя наступствы. З сабой у Сяргея патрэбнай колькасці лекавых сродкаў няма. 

Імёны астатніх затрыманых:

Косцін Дзмітрый Алегавіч — як паведамілі сваякі, суд па адміністрацыйным артыкуле адбудзецца ў панядзелак, 25 студзеня;

Барадаева Кацярына Леанідаўна;

Манько Іван Міхайлавіч — па словах маці, суд па адміністрацыйным артыкуле пройдзе ў панядзелак, 25 студзеня;

Літвінава Лізавета (ноччу пасля допыту ў СК і падпіскі аб невыдаванні яе адпусцілі);

Ірына Сурыгіна (маці траіх непаўналетніх дзяцей).

Ужо ноччу стала вядома, што пасля затрымання ў бальніцу даставілі чатыры чалавекі: Сурыгіну, Стрыгунову, яшчэ адну жанчыну і Бяляева. Што менавіта з імі адбываецца — інфармацыі няма.

nn.by