У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з Ігарам Лосікам (абноўлена)
У Беластоку адбыўся пікет салідарнасці з беларускім палітвязнем, блогерам Ігарам Лосікам.
Удзельнікі зладзілі ланцуг салідарнасці вакол беларускага консульства. Гаворыць адна з арганізатарак акцыі Наталля Сцепанцова:
– Гэта міжнародная акцыя – ланцуг салідарнасці з Беларуссю, якую падтрымалі жыхары Беластока. У асноўным беларусы, якія эмігравалі сюды. Мы адчуваем сваю салідарнасць з Беларуссю. Дастаткова было проста напісаць у чаце ў Тэлеграме, што мы збіраемся ў той жа час, калі збіраецца ўвесь свет.
Сярод іншых у акцыі прынялі ўдзел былы супрацоўнік унутраных справаў з Гародні Кірыл Бубноў і навучэнец Лодзінскай Фільмовай Акадэміі Міхал:
– Беларусы Беластока выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваю салідарнасць і падтрымку людзям, якія змагаюцца за свабоду нашай краіны і за незалежнасць нашага любага краю.
– Прыехалі, каб паслухаць гісторыі, паглядзець, як выглядае тут людская салідарнасць. Выклікае захапленне рашучасць змагання.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, у Беларусі – 190 палітвязняў. У іх ліку Ігар Лосік, блогер і былы кансультант Радыё Свабода, які ўжо 40 дзён трымае галадоўку на знак пратэсту супраць свайго незаконнага зняволення.
Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя
***
23 студзеня ў Беластоку прайшла акцыя моладзі ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, які трымае жорсткую галадоўку ў турме. Выказвалася таксама салідарнасць з іншымі зняволенымі журналістамі.
Акцыя прайшла каля будынку Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Яна была дастаткова масавай.
Беларускае Радыё Рацыя