БелАЭС вырабіла больш за 700 млн кілават-гадзін электрычнасці
Па стане на 22 студзеня на першым энергаблоку Беларускай АЭС выраблена 700,2 млн кілават-гадзін электраэнергіі, сведчаць дадзеныя на сайце Міністэрства энергетыкі.
Такая колькасць электрычнасці была згенераваная з моманту падключэння блока да сеткі 3 лістапада 2020 года з улікам яго планавых і пазапланавых адключэнняў. З 82 дзён, якія прайшлі з пачатку выдачы электраэнергіі да кантрольнай даты, мяркуючы па паведамленнях Мінэнерга, што перыядычна паступалі, блок працаваў на рознай магутнасці 46 дзён — з 3 па 8 лістапада, з 19 лістапада па 3 снежня, з 21 снежня па 16 студзеня, з 21 студзеня без спынення.
Для параўнання: колькасць вырабленай за паўтара месяца чыстай працы першага блока БелАЭС электраэнергіі крыху меншая за электрычнасць, спажытую за палову 2019 года ўсёй сферай сельскай гаспадаркі краіны (703,55 млн кВт∙гадз).
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца ў Гарадзенскай вобласці, недалёка ад мяжы з Літвой, пераважна за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 75%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.
Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 8 лістапада выпрацоўка электрычнасці спынілася. На наступны дзень Мінэнерга паведаміла пра спыненне турбіны з-за выхаду са строю трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў, а таксама выяўленай неабходнасці замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання. 19 лістапада Мінэнерга дало справаздачу аб паўторным уключэнні блока ў сетку пасля замены некаторага абсталявання і выпрабаванняў.
1 снежня прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што пасля прадугледжанага праграмай выпрабаванняў скіду пары была выяўленая неабходнасць „дадатковай карэкціроўкі працы накрывак шумапаглынальнікаў пары”. Тады падкрэслівалася, што блок застаецца ўключаным у сетку.
3 снежня міністэрства абвясціла аб планавым спыненні рэактара першага энергаблока атамнай станцыі і адключэнні блока ад энергасістэмы для тэставання сістэм і абсталявання. 21 снежня Мінэнерга паведаміла аб заканчэнні этапу энергетычнага пуску блока, яго падключэнні да сеткі і пераходзе да этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі.
13 студзеня гэтага года Мінэнерга паведаміла аб выхадзе першага блока на 100-працэнтную магутнасць. У той жа дзень намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў вузкаму колу журналістаў, што на цяперашнім этапе асваення 100-працэнтнай магутнасці энергаблока запланаваны комплекс выпрабаванняў, падчас якіх будзе ажыццёўлены скід нагрузкі аж да нуля, а таксама поўнае спыненне рэактара.
Увечары 16 студзеня прэс-служба Мінэнерга праінфармавала аб адключэнні першага блока БелАЭС з прычыны спрацоўвання сістэмы абароны генератара. „Сістэма абароны спрацавала падчас доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока, у межах якога праводзіцца тэставанне сістэм і абсталявання. Радыяцыйны фон у раёне станцыі ў норме”, — адзначылі ў міністэрстве. Каля поўдня 21 студзеня блок зноў уключылі ў сетку.
У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.