Агляд прэсы: у пошуках „стрэлачнікаў”



Несваечасовасць пераменаў ад Ватыкана. Загон для прэсы. Вугаль даражэй за клімат. Барацьба за дозу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

«Усходне-еўрапейскія каталікі збянтэжаныя адстаўкай беларускага арцыбіскупа». Менавіта пад такім загалоўкам размясціла матэрыял амерыканская газета National Catholic Reporter. Паводле аўтара матэрыялу Джонатана Люксмура, здзіўленне і гнеў у каталікоў выклікаў крок Папы Францішка, які прыняў адстаўку Тадэвуша Кандрусевіча з разбуранай канфліктамі Беларусі на пачатку студзеня, усяго праз 10 дзён пасля вяртання арцыбіскупа з навязанага рэжымам выгнання ў Польшчы.

«Людзі ў шоку і занепакоенасці. Наўрад ці прыйшоў час для такіх сур’ёзных зменаў, і ўсе меркавалі, што час знаходжання першага посткамуністычнага біскупа ў Беларусі на пасадзе будзе падоўжаны”, – пераканана амерыканская газета.

National Catholic Reporter падкрэслівае, што ў адрозненні ад Яна Паўла II, Бэнэдыкт XVI і Францішак надаюць мала ўвагі Усходняй Еўропе, наўпрост кіруючыся ватыканскімі дыпламатамі.

***

У Грэцыі разгарэўся скандал вакол новых правілаў, якія тычацца правядзення публічных сходаў. Як адзначаюць прафсаюзы работнікаў СМІ, цяпер журналісты змогуць весці рэпартажы з дэманстрацый толькі са спецыяльнай ахоўваемай зоны, якая будзе пад наглядам паліцыі. Паліцыя будзе ўзгадняць і кожнае дзеянне журналіста на месцы. Штодзённая газета Avgi разам з іншымі калегамі абурана крытыкуе палітыку ўладаў Грэцыі:

«Калі ў ходзе пратэстаў пад пагрозай аказвалася фізічная недатыкальнасць журналістаў, то небяспека заўсёды зыходзіла ад паліцэйскіх. Ні адзін паліцэйскі так і не панёс пакарання! Так што не трымайце нас за дурняў. Гаворачы зразумелай мовай:вашае рашэнне парушае прынцып свабоды прэсы і канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне інфармацыі. І нацэлена яно на тое, каб схаваць свавольствы паліцыі. Гэтая стратэгія цяпер не спрацуе. Мы не ў Чылі 1973 году».

Расея зыходзіць з таго, што вугаль стане сыравінай будучыні. Прэзідэнт Пуцін робіць стаўку на тое, што ўсе размовы еўрапейцаў аб абароне клімату застануцца пустымі абяцаннямі. Робячы такія заявы, прэзідэнт Расеі ставіць на карту вельмі многае, лічыць аўтар нямецкай газеты Die Welt.

Выданне канстатуе, што ўсё больш краін абвяшчаюць свой мэтай скараціць шкодныя выкіды ў атмасферу да нуля. Для гэтага прыйдзецца зачыніць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на вугалі. Буйны пастаўшчык вугалю Аўстралія ўжо пачала пераглядаць свае бізнэс-мадэлі.

«На фоне гэтага працэсу здзіўляе стратэгія іншага важнага гульца вугальнага рынку, Расеі, якая стала за апошнія 20 гадоў трэцім па значнасці экспарцёрам вугалю. Расея зыходзіць з таго, што гэты выкапень паліва будуць спальваць заўсёды, нягледзячы на ўсе міжнародныя намаганні па абароне клімату», адзначае Die Welt, цытуючы Крэмль. Таксама паведаляецца, што па ўсім свеце амаль 2000 цеплаэлектрастанцый вылучаюць вуглякіслы газ у атмасферу, і колькасць такіх выкідаў узрастае з кожным годам.

Pfizer і BioNTech знайшлі спосаб на 20 % зрэзаць пастаўкі флаконаў вакцыны еўрапейскім дзяржавам пад той падставе, што з іх можна атрымаць шостую дозу. Тым самым яны значна павялічваюць ўласную прыбытак, але ўскладняюць працэс вакцынацыі. Францезская газета Liberation б’е трывогу ў матэрыяле пад назвай «Pfizer дазуе вакцыну».

„Цяпер еўрапейскія краіны будуць плаціць за флакон з шасцю дозамі без гарантыі атрымання гэтай самай шостай дозы ва ўсіх выпадках. Напрыклад, Італія ужо заявіла пра намер падаць на Pfizer ў суд за затрымкі і скарачэнне паставак», – паведаляе французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя