Гендырэктар „Нафтана”: Комплекс замаруджанага каксавання будзе запушчаны ў 2021 годзе



Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод „Нафтан” мае намер запусціць комплекс запаволенага каксавання ў бягучым годзе, паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Сойка.

„Будаўнічыя работы працягваюцца на сямі аб’ектах комплексу, у іх ліку — устаноўка запаволенага каксавання. У маі мы павінны завяршыць будаўніча-мантажныя работы, і да канца 2021 года ўвесці аб’екты ў эксплуатацыю”, — цытуе Сойку „Веснік Нафтана”, які выдаецца наваполацкім заводам.

Увод у эксплуатацыю комплексу — найважнейшая задача для прадпрыемства, дадаў ён.

„Далейшая праграма развіцця прадпрыемства таксама вызначаная. У наступнай пяцігодцы мы нададзім павышаную ўвагу мадэрнізацыі завода „Палімір”. Плануецца пабудаваць некалькі аб’ектаў, якія значна павысяць эфектыўнасць работы прадпрыемства”, — адзначыў Сойка.

Мяркуецца, што пасля мадэрнізацыі прадпрыемства (запуску комплексу запаволенага каксавання) глыбіня перапрацоўкі нафты на „Нафтане” вырасце з 72% да 90% і ўдасца атрымаць новы від прадукцыі — нафтавы кокс. Раней наваполацкае прадпрыемства планавала вырабляць штогод каля 460 тыс. тон гэтай прадукцыі і праз Беларускую нафтавую кампанію экспартаваць яе ў тым ліку ў краіны Заходняй Еўропы і ЗША.

22 студзеня „Нафтан” наведаў кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка і там падкрэсліў, што павелічэнне глыбіні перапрацоўкі нафты на наваполацкім НПЗ мае вялікае значэнне па эканамічных прычынах.

„Для краіны важна ўвесці ў эксплуатацыю комплекс запаволенага каксавання на „Нафтане”. Таму што праз павелічэнне глыбіні перапрацоўкі і выпуску нафтапрадуктаў (дызельнага паліва, бензіну, газойлю, коксу) мы эканамічна кампенсуем страты ад расійскага падатковага манеўру”, — заявіў Галоўчанка.

Нагадаем, з 2019 года Расія рэалізуе так званы падатковы манеўр у нафтавай галіне, які прыводзіць да скарачэння падатковых даходаў беларускага бюджэту і да павелічэння кошту нафты для беларускіх НПЗ.

Падчас штогадовага паслання парламенту і народу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2020-м „ад нафтавых разборак з Расіяй” беларускі бюджэт недаатрымаў паўтара мільярда рублёў.

belapan.by