Служба бяспекі банкаў не тэлефануе кліентам



Па шматлікіх скаргах беларусаў ад пачатку года кампанія мэсэнджара “Viber” заблакавала 3 тысячы акаўнтаў, якімі карысталіся махляры. Пераважна з гэтых акаўнтаў грамадзянам тэлефанавалі падстаўныя супрацоўнікі банкаў.

У асноўным злачынцы выдаюць сябе за службу бяспекі банка, – гаворыць прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх банкаў Валеры Грышчэня:

– Рэгулярна паступаюць тэлефанаванні пра тое, што іх банкаўскія карткі заблакаваныя. Ашуканцы просяць пацвердзіць рэальнасць пераводаў грашовых сродкаў, паведамляюць іншую ілжывую інфармацыю і вымушаюць пераводзіць грашовыя сродкі на разнастайныя рахункі і падключаць розныя паслугі. У выпадку такіх тэлефанаванняў неабходна адразу звярнуцца ў свой банк, дзе вы атрымлівалі банкаўскую картку і памятаць пра тое, што банк ужо абараняе вашы грошы і служба бяспекі не тэлефануе кліентам.

Суразмоўца дадае, што калі чалавек імгненна зразумеў падставу, але ўжо агучыў асабістыя дадзеныя рахунку, то адразу трэба тэлефанаваць у банк і блакаваць картку. Махляры спісваюць грошы цягам некалькіх хвілінаў.

Беларускае Радыё Рацыя